КАЛАРЫ́Т (італьян. colorito ад лац. color колер, афарбоўка) у выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе), сістэма колеравых спалучэнняў, якая ўтварае візуальнае адзінства твора і з’яўляецца эстэт. ператварэннем колеравай разнастайнасці рэчаіснасці; важны кампанент маст. вобраза і сродак эстэт. і эмацыянальнай выразнасці. Характар К. залежыць ад віду мастацтва, матэрыялу і функцыі твора, звязаны з яго зместам, эпохай, стылем, індывідуальнасцю майстра. Гістарычна склаліся 2 каларыстычныя тэндэнцыі. Адна заснавана на выкарыстанні спалучэнняў лакальных колераў, часта звязана з сімвалічным значэннем колеру (напр., у іканапісе); другой характэрна імкненне да найб. поўнай перадачы колеравага багацця рэчаіснасці, выкарыстанне тону, валёру і рэфлексу.
Паводле характару колеравых спалучэнняў адрозніваюць К. халодны (пераважаюць сінія, зялёныя, фіялетавыя тоны), цёплы (больш чырвоных, жоўтых, аранжавых тонаў), спакойны, напружаны; паводле насычанасці і сілы колеру — яркі, стрыманы, бляклы і інш. У залежнасці ад насычанасці святлом К. можа быць светлым або цёмным: раўнамерная асветленасць характэрна для К. італьян. майстроў Ранняга Адраджэння, агульнае зацяненне — для жывапісу Тыцыяна і Рэмбранта, пранізанасць адлюстравання святлом — для твораў імпрэсіяністаў (гл. Імпрэсіянізм) і г.д. Сярод бел. мастакоў-каларыстаў: В.Бялыніцкі-Біруля, М.Тарасікаў, В.Цвірка, І.Ахрэмчык і інш.
Літ.:
Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;
Алексеев С.С. О колорите. М., 1974.
т. 7, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)