Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАФ (англ. c.a.f. — cost and freight кошт і фрахт),

базісныя ўмовы пастаўкі і аплаты тавару, паводле якіх прадавец павінен паставіць тавар на борт судна (як прадугледжваецца ўмовамі ФОБ), заключыць дагавор марской перавозкі і аплаціць фрахт да пэўнага месца выгрузкі.

т. 8, с. 187

КАФА́РАЎ (Пётр Іванавіч) (у манастве Паладый; 29.9.1817, г. Чыстапаль, Татарстан — 18.12.1878),

расійскі вучоны-ўсходазнавец. Вучыўся ў Казанскай семінарыі і Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У вер. 1840 у складзе рус. духоўнай місіі паехаў у Пекін (знаходзіўся там з перапынкамі 38 гадоў). Складальнік «Кітайска-рускага слоўніка» (ч. 1—2, 1888; завершаны П.С.Паповым). Пераклаў кіт. пісьмовыя помнікі «Падарожжа даоскага манаха Чан Чуня на Захад», «Старажытнае мангольскае паданне аб Чынгісхане» (1866) і інш. Аўтар прац па гісторыі рэлігій у Кітаі (будызму, хрысціянству, ісламу) і рас.-кіт. адносін. У 1870—71 удзельнічаў у археал. і этнагр. экспедыцыі Рус. геагр. т-ва ў Усурыйскі край.

т. 8, с. 187

КА́ФЕДРА (грэч. kathedra літар. сядзенне),

1) у Стараж. Грэцыі і Рыме — месца для выступлення рытараў, філосафаў.

2) У ВНУ (на факультэце) — асн. навучальна-навук. падраздзяленне, якое выконвае навуч., метадычную і н.-д. работу, а таксама аб’яднанне прафесарска-выкладчыцкага складу па адной або некалькіх роднасных дысцыплінах.

3) У навуч. установах, лекторыях, актавых залах — месца для выкладчыка, прамоўцы.

4) У хрысц. царкве — узвышэнне для чытання пропаведзяў; крэсла архірэя ў час набажэнства.

т. 8, с. 187

КАФЕДРА́ЛЬНЫЯ ШКО́ЛЫ,

гл. ў арт. Саборныя школы.

т. 8, с. 187

КАФЕІ́Н,

алкалоід, які ёсць у насенні кафейнага дрэва, лісці чайнага куста, арэхах кола і інш., вытворнае пурыну. Стымулюе ц. н. с., асабліва функцыі яе вышэйшых аддзелаў (павышае ўспрыманне, функцыі органаў пачуццяў, рухальную актыўнасць, разумовую і фіз. працаздольнасць, зніжае стомленасць і санлівасць), сасударухальны цэнтр, аказвае сасударасшыральнае ўздзеянне.

т. 8, с. 187

КАФЕ́ЙНАЕ ДРЭ́ВА, кофе (Coffea),

род кветкавых раслін сям. марэнавых. Каля 40 відаў. Пашырана ў тропіках Усх. паўшар’я. Уведзена ў культуру на Аравійскім п-ве ў 14—15 ст. Культывуецца 4—5 відаў па ўсім свеце. На Беларусі К.д. аравійскае (C. arabica) расце ў аранжарэях і пакоях.

Вечназялёныя ці лістападныя дрэвы і кусты. Лісце скурыстае, суцэльнакрайняе, супраціўнае. Кветкі белыя, духмяныя. Плод — касцянкападобны, чырванаваты, з сакаўным ядомым каляплоднікам. Насенне — паўшарападобныя зярняты, якія маюць 0,6—2,7% кафеіну. Харч. і дэкар. расліны.

Кафейнае дрэва.

т. 8, с. 187

КАФЕРМЕ́НТЫ [ад лац. co (cum) разам + ферменты],

каэнзімы, арганічныя злучэнні небялковай прыроды, якія ўваходзяць у склад ферментаў. Неабходныя для многіх складаных ферментатыўных рэакцый (сувязное звяно паміж 2 рознымі ферментамі). Пры злучэнні з апаферментам К. ўтвараюць каталітычна актыўны комплекс (холафермент). Могуць аддзяляцца ад бялковай часткі ферменту і пераносіць атамы ці групы атамаў, што адшчэпліваюцца ферментам ад субстрату. Трывала звязаныя з бялком К. наз. прастэтычнай групай. Большасць К. — вытворныя вітамінаў, адсутнасць якіх у ежы чалавека і жывёл прыводзіць да недастатковай актыўнасці некат. ферментаў і выклікае парушэнні абмену рэчываў.

т. 8, с. 187

КА́ФКА ((Kafka) Багуміл) (14.2.1878, Нова-Пака, Чэхія — 24.11.1942),

чэшскі скульптар, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў школе скульптараў і каменшчыкаў у Горжыцы, у Маст.-прамысл. школе (1896—98; выкладаў у 1916—25) i АМ (1898—1901; выкладаў з 1925) у Празе. У 1904—08 у Парыжы. Творчая манера адметная пошукамі прасторавай выразнасці, свабодай кампазіцый, жывапіснай пластычнасцю. Сярод работ: «Руіны жыцця» (1902), «Брукаўшчыкі», «Серна з дзіцянятамі», рэльеф «Пасля купання ў моры» (усе 1905), «Абуджэнне» (1905, 1926), «Зоркі гаснуць» (1906), праекты помнікаў К.Гаўлічаку-Бораўскаму (1924), Я.Жыжку (1931—34; устаноўлены ў 1950 у Празе) і інш. Працаваў як партрэтыст і медальер.

т. 8, с. 187

КА́ФКА ((Kafka) Франц) (3.7.1883, Прага — 3.6.1924),

аўстрыйскі пісьменнік, прадстаўнік пражскай нямецкамоўнай літ. школы. Скончыў Пражскі ун-т (1906). Друкаваўся з 1909. Аўтар навел «Прысуд», «Качагар» (абедзве 1913), «Ператварэнне» (1916), «У калоніі для зняволеных» (1919), зб-каў «Сузіранне» (1913), «Вясковы лекар» (1919), «Галадамор» (1924). Пасмяротна выйшлі незавершаныя раманы-прытчы «Працэс» (1915, выд. 1925, экранізацыя 1962), «Замак» (1922, выд. 1926), «Амерыка» (1914, выд. 1927), а таксама навелы, дзённікі, афарызмы, лісты. У філас.-алегарычнай прозе К. праблемы адзіноты, трагічнага бяссілля, асуджанасці «маленькага чалавека». Яго маст. манеры ўласцівы спалучэнне розных настрояў і стылявых тэндэнцый, сумяшчэнне рэальна-будзённага з фантастычным, надсусветным, ужыванне сімволікі, алегорыі, гратэску, гумару. Як рэфарматар л-ры істотна паўплываў на маст. слова 20 ст. Літ. прэмія імя Т.Фантане 1915. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Л.Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Прысуд: Апавяданні і мініяцюры. Мн., 1996;

Рус. пер. — Роман. Новеллы. Притчи. М., 1965;

Процесс. Замок. Новеллы и притчи. Из дневников. М., 1989;

Америка. Процесс. Из дневников. М., 1991;

Замок. Новеллы и притчи. Письмо к отцу. Письма Милене. М., 1991.

Літ.:

Затонский Д.В. Франц Кафка и проблемы модернизма. 2 изд. М., 1972;

Шарп Д. Незримый ворон: Конфликт и трансформация в жизни Ф.Кафки: Пер. с англ. Воронеж, 1994;

Давид К. Франц Кафка: Пер. с фр. Харьков;

Ростов н/Д, 1998.

Е.А.Лявонава.

Ф.Кафка.

т. 8, с. 188

КА́ФЛЯ (ням. Kachel),

керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.

К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.

На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.

Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;

Беларуская кафля. Мн., 1989.

А.А.Трусаў, У.В.Угрыновіч.

Да арт. Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.
Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.
Кафля. Самарканд. 1340-я г.

т. 8, с. 188