Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЁБКЕ ((Kobke) Крыстэн) (26.5.1810, Капенгаген — 7.2.1848),

дацкі жывапісец і графік. З 1822 наведваў АМ у Капенгагене, з 1828 вучыўся ў К.В.Экерсберга. Творчасць стылістычна блізкая да бідэрмееру. Пісаў лірычныя, тонкія па каларыце партрэты, пейзажы, жанравыя сцэны: «Прадавец цыгар», «Сястра мастака» (абодва 1831), «Брама» (1834), «Остэрбра пры ранішнім асвятленні» (1836), «Форум у Пампеях» (1840), партрэт нявесткі мастака (1842) і інш.

т. 8, с. 242

КЁЙЛЕН ДЭ́ЙЛСТРА ((Keulen Deelstra) Ацье) (н. 31.12.1936, г. Грау, Нідэрланды),

галандская спартсменка (канькабежны спорт, скарасны бег на каньках). Прызёр XI зімовых Алімп. гульняў (1972, г. Сапара, Японія): сярэбраны на дыстанцыі 1000 м і бронз. на дыстанцыях 1500 і 3000 м. Чэмпіёнка свету ў мнагабор’і (1970, 1972—74), бронз. прызёр (1973) на дыстанцыях 1500 і 3000 м. Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па спрынтарскім бегу на каньках (1973—74). Чэмпіёнка Еўропы ў мнагабор’і (1972—74), на дыстанцыях 500, 1000 і 1500 м (1973—74). Рэкардсменка свету на дыстанцыі 1500 м (1970) і па суме мнагабор’я (1972).

т. 8, с. 242

КЁЛЕР ((Köhler) Георг) (н. 17.4.1946, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі імунолаг. Скончыў Фрайбургскі ун-т (1971). З 1971 у імуналагічным ін-це (г. Базель, Швейцарыя), з 1974 у лабараторыі малекулярнай біялогіі Кембрыджскага ун-та (Вялікабрытанія). З 1985 дырэктар ін-та імунабіялогіі М.Планка (г. Фрайбург). Навук. працы па даследаваннях выпрацоўкі антыцел. Распрацаваў біятэхналогію атрымання монакланальных антыцел, што сакрэтызуюцца клетачнымі гібрыдамі. Нобелеўская прэмія 1984 (разам з Н.К.Ерне, С.Мільштэйнам).

Г.Кёлер.

т. 8, с. 243

КЁЛЕР ((Köler) Іохан) (8.3.1826, Вастэмыйза Вільяндзіскага пав., Эстонія — 22.4.1899),

эстонскі жывапісец і акварэліст, заснавальнік нац. школы жывапісу. Скончыў Пецярбургскую АМ (1855). У 1857—62 вучыўся і працаваў у Рыме і Парыжы. З 1862 у Пецярбургу. Выкладаў у школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1862—63) і АМ (1869—70, з 1867 праф.). Пісаў пераважна камерныя і парадныя партрэты, рэліг. і міфалагічныя кампазіцыі. Сярод твораў: «Геркулес выводзіць Цэрбера з пекла» (1855), аўтапартрэт (1859), «Дзяўчынка ля крыніцы» (1859—61), партрэты бацькі і маці мастака (1857—64), «Абуджэнне ад чароўнага сну, або Эстонская легенда» (1864—65), «Ева з гранатам» (1879—80), «Праклён Ларэляў манахамі» (1887) і інш.

т. 8, с. 243

КЁЛЬН (Köln),

горад на З Германіі, зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія. 956 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт К. — Бон. Важны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкое, с.-г., эл.-тэхн., аўтамабілебудаванне («Форд-Верке»), трактара-, лакаматыва- і суднабудаванне; нафтаперапр. і нафтахім., тэкст., швейная, парфумерная, папяровая, харчасмакавая (тытунёвая, сыраробная, мукамольная). Цэнтр буравугальнага басейна. Метрапалітэн. Кёльнскі універсітэт. Кансерваторыя. Оперны т-р, філармонія, 2 сімф. аркестры.

Узнік з рым. ваен. лагера, засн. каля 38 да н.э. (з 50 н.э. рым. калонія) на месцы паселішча герм. племя убіяў. У 3 ст. н.э. тут узніклі хрысц. абшчыны. З канца 8 ст. значны рэліг. цэнтр (рэзідэнцыя епіскапа, пазней архіепіскапа), буйны горад сярэдневяковай Германіі (12 брам, больш за 80 вежаў), адзін з вядучых гарадоў Ганзы. У 1388 засн. Кёльнскі універсітэт. У выніку паўстання гараджан 1370—96 скасавана ўлада патрыцыяту. У 1794 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 у складзе Прусіі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё (банкі, страхавая справа, металургія, машынабудаванне, хім. прам-сць, эксплуатацыя параходаў і чыгунак). Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны (да 1926) брыт. войскамі. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны, пасля вайны ў брыт. акупац. зоне. З 1949 у складзе ФРГ.

Сярод помнікаў раманскія цэрквы Санкт-Панталеон (964—980, дабудоўвалася ў 1150—1503), Санкт-Георг (1059—1188), Санкт-Марыя-ім-Капітоль (1067—1250), гатычныя Кёльнскі сабор, цэрквы Мінарытэнкірхе (пасля 1248—1408), Санкт-Урсула (асвячона ў 1287), Антанітэркірхе (14 ст.; у інтэр’еры скульптура Э.Барлаха «Анёл смерці», 1927, 2-я адліўка 1938), Петэрскірхе (каля 1515—30, у інтэр’еры «Распяцце Пятра» П.П.Рубенса, 1640), ратуша (1350—70), барочныя цэрквы Узнясення Марыі (1618—27, арх. К.Вамзер), Марыі Міру (1643—1716), Марыі-індэр-Купфергасе (1705—15). Найб. значныя пабудовы 20 ст.: фабр. і адм. будынкі на выстаўцы «Нямецкага Веркбунда» (1914, арх. В.Гропіус, А.Маер), Новы мост цераз р. Рэйн (1950, арх. Г.Ломер), з-д Форда (1957, П.Ф.Шнайдэр), драм. т-р (1959—65, арх. В.Рыпхан). У К. музеі: маст. рамяства, Кунстгале, усх.-азіяцкага мастацтва, рым.-германскі, Шнютгена, Вальраф-Рыхарц і інш.

Літ.:

Солодкова Л.И. Ранний Кёльн: соц.-экон. развитие и освободительная борьба горожан XI—XIII вв. Саратов, 1991.

У.Я.Калаткоў (гісторыя), Т.Г.Мартыненка (архітэктура).

Панарама Кёльна.

т. 8, с. 243

КЁЛЬНСКІ САБО́Р, сабор Санкт-Петэр-унд-Марыя,

помнік архітэктуры ням. готыкі 13—19 ст.; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Кёльн (Германія) на ўзор Ам’енскага сабора. Буд-ва пачалося ў 1248—1560 (майстры Герардус, з 1248; Арнальд, з 1271; М.Савойскі, каля 1350; Н. фон Бюрэн, з 1395; К.Кюйн, з 1445; I. фон Франкенбург, з 1469). Завершаны па старых чарцяжах у 1842—80 (у т. л. гал. фасад і вежы). 5-нефавая крыжападобная базіліка з 3-нефавым трансептам і 2 вежамі. Даўж. 144 м, шыр. і выш. 61 м, выш. вежаў 157 м. Высокі (каля 45 м) сярэдні неф, трыфорыі прарэзаны аконнымі праёмамі, сцены запаўняюць часта размешчаныя вял. стральчатыя вокны. На фасадзе традыц. гатычнае акно-ружа заменена на стральчатае. Выразная скіраванасць угару падкрэсліваецца багатым і складаным дэкорам, які ўпрыгожвае ўсе дэталі канструкцыі. У інтэр’еры вітражы (каля 1320), скульптура 10—15 ст. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

С.У.Пешын.

Кёльнскі сабор.

т. 8, с. 243

КЁЛЬНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў Германіі, муніцыпальны ун-т г. Кёльн. Засн. ў 1388 на ўзор Парыжскага ун-та. У 1593 у дадатак да багаслоўскага адкрыты ф-ты: юрыд., мед. і «свабодных мастацтваў». З заснаваннем у 1777 акадэміі, ун-та ў Боне (1786) значэнне К.у. паменшылася і ў 1798 ён зачынены. У 1919 адноўлены, у ім вучылася каля 7,5 тыс. студэнтаў. У 1971 ф-ты: эканам. і сац. навук, юрыд., мед., філас., прыродазнаўча-матэм. У 1991 каля 57 тыс. студэнтаў. У складзе ун-та ін-ты, клінікі, б-ка (з 1920). Яму падпарадкаваны ін-ты эканомікі, энергетыкі, гандлю, эканам. палітыкі.

т. 8, с. 243

КЁЛЬРОЙТЭР ((Kölreuter) Іозеф Готліб) (27.4.1733, г. Зульц, Германія — 12.11.1806),

нямецкі батанік. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1755). У 1756—61 у Пецярб. АН (з 1766 ганаровы чл.), у 1763—69 дырэктар бат. саду ў г. Карлсруэ (Германія). Адзін з заснавальнікаў метаду штучнай гібрыдызацыі раслін. Увёў у селекцыйную практыку метад рэцыпрокных (узаемных) скрыжаванняў, адкрыў з’явы гетэрозісу і самастэрыльнасці, апісаў апыленне з дапамогай насякомых, дыхагамію, высветліў ролю нектару, назіраў раздражняльнасць тычынак.

Тв.:

Рус. пер. — Учение о поле и гибридизации растений. М.; Л., 1940.

т. 8, с. 243

КЁНІГСБЕРГ (Якаў Эмануілавіч) (н. 4.8.1939, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-імунолаг. Д-р біял. н. (1982), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1970 у БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, з 1988 у Н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі (нам. дырэктара). Навук. працы па радыяцыйнай медыцыне, гігіене, ахове арганізма ад уздзеяння радыяцыі.

Тв.:

Pathway analysis and dose distributioris: Final report. Brussels;

Luxembourg, 1986 (у сааўт.).

т. 8, с. 229

КЁПЕН ((Koeppen) Вольфганг) (н. 23.6.1906, г. Грайфсвальд, Германія),

нямецкі пісьменнік. Вучыўся ва ун-тах Гамбурга, Берліна, Вюрцбурга. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г.: раманы «Гісторыя няшчаснага кахання» (1934), «Сцяна хістаецца» (1935). Вядомасць прынеслі раманы «Галубы ў траве» (1951), «Цяпліца» (1953), «Смерць у Рыме» (1954) аб праблемах пасляваен. жыцця Германіі. Яго творы адметныя вастрынёй псіхал. аналізу, складанай сімволікай, спалучэннем дакументалізму з умоўнасцю і лірызмам. Аўтар кніг дарожных нарысаў, аўтабіягр. аповесці «Юнацтва» (1976), літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Голуби в траве. Теплица. Смерть в Риме: Романы. М., 1990.

Е.А.Лявонава.

т. 8, с. 244