Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КТО́РАЎ (Анатоль Пятровіч) (24.4.1898, Масква — 30.9.1980),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1963). Працаваў у Маскве (з 1917) у т-ры імя В.Ф.Камісаржэўскай, з 1920 у т-ры Корша, з 1933 у МХАТ. Мастацтву К. былі ўласцівы завершанасць пластычнага малюнка ролі, абаяльнасць, элегантнасць, тонкі гумар. Майстар вострахарактарных роляў. Сярод лепшых работ у МХАТ: Сэм Уэлер («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Джозеф («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), Како («Плады асветы» Л.Талстога), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці), Шарвінскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), Суслаў, Мікалай Скарабагатаў («Дачнікі», «Ворагі» М.Горкага). Здымаўся ў кіно: «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Свята святога Іаргена» (1930), «Беспасажніца» (1937), «Вайна і мір» (1966—67), «Пасол Савецкага Саюза» (1970) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 8, с. 545

КТЫРЫ́ (Asilidae),

сямейства прамашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Больш за 5500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў стэпах і пустынях. На Беларусі найб. трапляюцца К. гарбаты, або ляфрыя гарбатая (Laphria gibbosa), К. жоўты (L. flavia), К. шэршнепадобны (Asilus crabroniformis), ястрабніцы празрыстакрылая (Dioctria hyalipennis) і рыжая (D. mfipes). Жывуць на ўзлесках, высечках, уздоўж дарог.

Даўж. да 50 мм. Галава шырокая, рухомая. Вочы вял., брушка доўгае. Ногі і цела (у многіх відаў) укрыта валаскамі і шчацінкамі. Драпежнікі, кормяцца жукамі, пчалінымі, саранчовымі. Лічынкі жывуць у глебе, гнілой драўніне, кормяцца пераважна лічынкамі жукоў, інш. насякомых, ёсць расліннаедныя. Развіццё з поўным ператварэннем.

Ктыры: 1 — жоўты; 2 — шэршнепадобны.

т. 8, с. 545