Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КМБІНАВА́НЫ СТАНО́К у металаапрацоўцы,

станок для выканання такарных, фрэзерных, стругальных, даўбёжных, свідравальных, расточных, шліфавальных і заточных работ. Бываюць К.с. для выканання толькі некаторых з гэтых работ. Выкарыстоўваюцца пераважна ў перасоўных і стацыянарных рамонтных майстэрнях, на суднах.

т. 7, с. 506

КМЕН (Carum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі. На Беларусі К. звычайны (C. carvi) трапляецца на лугах, лясных палянах, каля дарог. Культывуецца як эфіраалейная культура. Пашыраны сорт Хмяльніцкі.

К. звычайны — двухгадовая расліна выш. 30—80 см. Сцябло простае, разгалінаванае. Лісце двойчы- або тройчыперыстарассечанае.

Кветкі ў складаных парасоніках, белыя, ружаватыя. Плод — сямянка. У 1-ы год утварае разетку лісця і тоўсты корань, на 2-і — сцябло, кветкі, плады. У пладах 2,7—7,2% эфірнага алею. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай, фармацэўтычнай прам-сці, медыцыне.

У.​П.​Пярэднеў.

Кмен.

т. 8, с. 357

КМЕТ, кмець,

тэрмін, якім у сярэдневякоўі ў слав. народаў абазначаліся розныя катэгорыі насельніцтва. Першапачаткова К. называлі свабодных членаў абшчыны, племя. У Кіеўскай Русі К. — воін, віцязь, дружыннік; у ВКЛ — свабодны селянін, які меў зямельны надзел і плаціў дзяржаве падаткі. У 2-й пал. 16—1-й пал, 17 ст. К. трапілі ў асабістую залежнасць ад феадалаў і ператварыліся ў чэлядзь; у Польшчы — залежны селянін, які меў поўны надзел зямлі; у Балгарыі і Сербіі — сельскі стараста; у Босніі і Чэхіі — асоба, якая займала пэўную пасаду, а таксама некаторыя катэгорыі сялян; у Харватыі — залежны селянін, васал.

т. 8, с. 358

КМІ́ТА (Пётр Бластус) (Бластусовіч Пётр),

выдавец і паэт 1-й пал. 17 ст. Працаваў друкаром у Вільні, адкуль перавёз друкарскае абсталяванне і заснаваў Любчанскую друкарню, якую ўзначальваў з 1612 да канца 1620-х г. За 20 гадоў сваёй дзейнасці выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, л-ры, філасофіі і інш. Пісаў вершы, якія змяшчаў у асобных выданнях (у «Каталізесе...» Я.​Л.​Намыслоўскага, у зб. прыказак С.​Рысінскага, 1618, і інш.). Аўтар прадмовы, а таксама дапаўненняў да зб. «Апафегматы» Б.​Буднага (выд. 1614). Паводле сведчання лістоў Рысінскага, праз рукі К. праходзіла тайная перапіска мысліцеляў-пратэстантаў у перыяд ганенняў на арыян. Прадаўжальнікам справы К.-выдаўца стаў яго сын Ян Кміта.

Я.​І.​Парэцкі.

т. 8, с. 358

КМІ́ТА-ЧАРНАБЫ́ЛЬСКІ (Філон Сямёнавіч) (каля 1530 — да 29.11.1587),

ваенны і паліт. дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмітаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 камандаваў войскамі на ўсх. мяжы ВКЛ. У 1566 за ваен. заслугі атрымаў каралеўскі прывілей на прызначэнне дзяржаўцам г. Чарнобыль у Кіеўскім ваяв. (адсюль другое прозвішча); аршанскі староста. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскім, што давала права на месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай. У час паходу 1580 на Вял. Лукі быў разбіты. У 1580—81 вёў ваен. дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб рас. тэрыторый. Збераглося 30 лістоў-данясенняў К.-Ч. за 1573—74, дасланых з Оршы ў Вільню членам дзярж. рады ВКЛ (упершыню апубл. ў 1844, найб. поўна з навук. каментарыямі — у 1975), якія з’яўляюцца гіст. дакументам эпохі, помнікам стараж. бел. л-ры. Лісты ўтрымліваюць звесткі пра ваенна-паліт. становішча на ўсх. межах ВКЛ, у Маскоўскай дзяржаве, палітыку Івана IV Грознага, рус.-тат. адносіны і інш.; у іх даецца ацэнка тагачасных гіст.-паліт. падзей. Вылучаюцца лісты да кашталяна трокскага Я.​Валовіча, з якіх паўстае асоба аўтара ярка выяўленай індывідуальнасці; яны раскрываюць характар, перажыванні і адносіны К.-Ч. да навакольнай рэчаіснасці, асобныя бакі жыцця і побыту служылай шляхты. Лісты напісаны эмацыянальна, публіцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак і прымавак, сродкаў гумару і сатыры, вобразаў і цытат з літ. твораў.

Тв.:

Лісты // Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 8, с. 358

КУ́РСКАЯ МАГНІ́ТНАЯ АНАМА́ЛІЯ (КМА),

буйнейшы жалезарудны басейн на тэр. Курскай, Белгародскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Радовішчы магнетытавых кварцытаў прымеркаваны да метамарфічных парод і гранітоідаў дакембрыю; багатыя руды ў кары выветрывання жалезістых кварцытаў. Разведаныя запасы больш за 25 млрд. т, у якіх жалеза 32—37%, і больш за 30 млрд. т, у якіх жалеза 52—66%. Выяўлена ў 1783, эксплуатуецца з 1952. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі.

т. 9, с. 53