КМЕН (Carum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі. На Беларусі К. звычайны (C. carvi) трапляецца на лугах, лясных палянах, каля дарог. Культывуецца як эфіраалейная культура. Пашыраны сорт Хмяльніцкі.

К. звычайны — двухгадовая расліна выш. 30—80 см. Сцябло простае, разгалінаванае. Лісце двойчы- або тройчыперыстарассечанае.

Кветкі ў складаных парасоніках, белыя, ружаватыя. Плод — сямянка. У 1-ы год утварае разетку лісця і тоўсты корань, на 2-і — сцябло, кветкі, плады. У пладах 2,7—7,2% эфірнага алею. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай, фармацэўтычнай прам-сці, медыцыне.

У.​П.​Пярэднеў.

Кмен.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)