КМІ́ТА (Пётр Бластус) (Бластусовіч Пётр),
выдавец і паэт 1-й пал. 17 ст. Працаваў друкаром у Вільні, адкуль перавёз друкарскае абсталяванне і заснаваў Любчанскую друкарню, якую ўзначальваў з 1612 да канца 1620-х г. За 20 гадоў сваёй дзейнасці выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, л-ры, філасофіі і інш. Пісаў вершы, якія змяшчаў у асобных выданнях (у «Каталізесе...» Я.Л.Намыслоўскага, у зб. прыказак С.Рысінскага, 1618, і інш.). Аўтар прадмовы, а таксама дапаўненняў да зб. «Апафегматы» Б.Буднага (выд. 1614). Паводле сведчання лістоў Рысінскага, праз рукі К. праходзіла тайная перапіска мысліцеляў-пратэстантаў у перыяд ганенняў на арыян. Прадаўжальнікам справы К.-выдаўца стаў яго сын Ян Кміта.
Я.І.Парэцкі.
т. 8, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)