Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ УКРАІ́НЫ (КПЗУ),

палітычная арг-цыя левага кірунку ў Заходняй Украіне ў 1919—38. Засн. ў лют. 1919 на нелегальнай канферэнцыі камуніст. груп Усх. Галіцыі як Камуніст. партыя Усх. Галіцыі (КЛУГ; 182 чл.). У вер. 1919 прынята як асобная секцыя ў Камуністычны Інтэрнацыянал (Камінтэрн); з 1921 аўтаномная арг-цыя ў складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП). У 1923 дзейнасць КПУГ пашырана на Валынь, Холмшчыну, Падляшша, Паўд. Палессе, яна перайменавана ў КПЗУ (1560 чл.). Узначальвала буйныя выступленні ўкр. працоўных супраць сац. і нац. прыгнёту, садзейнічала стварэнню і дзейнасці прафс., левых сял. і маладзёжных арг-цый, у т. л. масавай рабоча-сял. арг-цыі «Сельроб» (1926—32), Камуніст. саюза моладзі Зах. Украіны. Супрацоўнічала з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ). Праграма КПЗУ зыходзіла з пазіцый марксізму, пралетарскага інтэрнацыяналізму і інш. З сярэдзіны 1930-х г. паводле рашэнняў VII кангрэса Камінтэрна партыя (4700 чл. у 1936) праводзіла курс на ўтварэнне нар. фронту супраць пагрозы фашызму і вайны. супрацоўніцтва з с.-д. арг-цыямі, адмовілася ад ранейшай левасектанцкай лініі ў нац.-вызв. руху. Кіруючыя органы: з’езд (адбыліся ў 1921, 1925, 1928, 1936), паміж імі цэнтр. к-т. Кіраўнікі; А.Г.Бараль (У.Саўка), М.Ц.Заячкоўскі (Касар), Р.В.Іваненка (Бараба), М.М.Цяслюк і інш. Легальна і нелегальна выдавала часопісы «Наша правда», «Комуністичний прапор» («Сцяг камунізму»), газеты «Земля і воля», «Світло», «Трибуна робітнича» і інш., адозвы, лістоўкі. У жн. 1938 КПЗУ разам з КПЗБ і КПП на падставе несправядлівага абвінавачання распушчаны Выканаўчым к-там Камінтэрна. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі ў сумеснай заяве прызналі неабгрунтаваным роспуск КПП, КПЗУ і КПЗБ у 1938.

У.Ф.Ладысеў.

т. 7, с. 547

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ПО́ЛЬШЧЫ (КПП),

нелегальная паліт. партыя левага кірунку ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1918—38 (да лют. 1925 наз. Камуніст. рабочая партыя Польшчы). Створана ў выніку аб’яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы і Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы (у 1920 далучылася і Польская сацыяліст. партыя-апазіцыя) ва ўмовах уздыму рэв. руху пасля 1-й сусв. вайны. Паводле ўстаноўчых праграмных дакументаў гал. мэтай партыі абвешчана ажыццяўленне сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне дыктатуры пралетарыяту ў Польшчы ў кантакце з рабочымі Сав. Расіі. Адна з заснавальніц (1919) Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). У 1922 створана легальная арг-цыя партыі — Саюз пралетарыяту горада і вёскі (ад яе ў ліст. 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сак. 1928—7 дэпутатаў у сейм). Унутры партыі дзейнічалі аўтаномныя Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ, з 1921) і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, з 1923). Пад кіраўніцтвам КПП дзейнічалі Камуніст. саюз моладзі Польшчы (1922—38) і яго аўт. часткі — Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі і Камуніст. саюз моладзі Зах. Украіны. На 2-м з’ездзе КПП (вер.кастр. 1923) у праграме выпраўлены левасектанцкія хібы па сял. і нац. пытаннях. Супрацоўнічала з Незалежнай сялянскай партыяй, Беларускай сялянска-рабочай грамадой, Сельробам і інш. арг-цыямі. Арганізоўвала і падтрымлівала выступленні рабочых і сялян у абарону іх сац. і паліт. правоў. У адпаведнасці з рашэннямі 7-га кангрэса Камінтэрна (1935) праводзіла курс на стварэнне антыфашысцкага народнага фронту, патрабавала скасаваць германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе, ініцыіравала правядзенне антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, выступала за дружбу з СССР. Ў 1930-я г. КПП разам з КПЗБ і КПЗУ налічвала больш за 20 тыс. членаў, з іх 5—6 тыс. былі ў зняволенні. У 1936—38 многія члены КПП, КПЗБ і КПЗУ добраахвотна ўдзельнічалі на баку рэспубліканцаў у грамадз. вайне ў Іспаніі. Вышэйшы орган партыі — з’езд (адбыліся ў 1918, 1923, 1925, 1927, 1930, 1932), паміж з’ездамі — ЦК на чале з ген. сакратаром. Кіраўнікі: А.Е.Варскі (Варшаўскі), М.Кашуцкая (В.Костшэва), Ю.Ляшчынскі (Ленскі), Э.Прухняк і інш. Нелегальна выдавала газ. «Czerwony sztandar» («Чырвоны сцяг») і тэарэтычны час. «Nowy przegląd» («Новы агляд»), У жн. 1938 распушчана разам з КПЗБ і КПЗУ Выканкомам Камінтэрна на падставе лжывых абвінавачанняў у шырокім пранікненні варожай агентуры ў кіраўніцтва партыі. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі заявілі аб прызнанні неабгрунтаваным роспуску КПП, КПЗБ і КПЗУ.

т. 7, с. 548