Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́ЙГАРАДАЎ (Аляксей Іванавіч) (14.11.1881, г. Ноўгарад, Расія — 27.9.1951),

бел. кліматолаг і геафізік. Акад. АН Беларусі (1947, чл.-кар. 1936), д-р фіз.-матэм. н. (1934), праф. (1949). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1908). З 1919 у Горацкім с.-г. ін-це, у 1930—39 дырэктар Бел. геафіз. абсерваторыі, адначасова (1932—38) у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. З 1940 у Маскве. Навук. працы па с.-г. метэаралогіі, даследаванні клімату і мікраклімату. Распрацаваў рэкамендацыі па тэрмінах сяўбы і інш. с.-г. работ для Беларусі, зрабіў класіфікацыю кліматаў зямнога шара.

Літ.:

Максимов С.А. А.​И.​Кайгородов // Метеорология и гидрология. 1951. № 10.

А.І.Кайгарадаў.

т. 7, с. 439

КАЙГАРО́ДАВЫ,

вучоныя і ваенныя дзеячы.

Нічыпар Іванавіч (1810—27.10.1882), матэматык, педагог. Ген.-маёр (1865). Скончыў Першы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1828). Вывучаў матэматыку ў В.Я.Бунякоўскага, паслядоўнік М.В.Астраградскага. У 1836—65 на пед. рабоце ў Полацкім кадэцкім корпусе. Прытрымліваўся пед. прынцыпаў І.Г.Песталоці, быў праціўнікам цялесных пакаранняў.

Міхаіл Нічыпаравіч (1853, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1916), ген. ад інфантэрыі (1914). Сын Нічыпара Іванавіча. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1873), Акадэмію Генштаба (1880). Служыў на камандных і штабных пасадах. У 1901—05 губернатар Нюландскі (Фінляндыя) і Іркуцкі. Са жн. 1913 камендант Гродзенскай крэпасці. Аўтар дапаможнікаў для палявых тактычных заняткаў.

Нестар Нічыпаравіч (26.11.1840, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1910), ген.-лейт. (1906). Сын Нічыпара Іванавіча. Чл. Рускага тэхн. т-ва. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1856), Міхайлаўскія артыл. вучылішча (1858) і акадэмію (1865). Служыў у артыл. войсках, на Охценскім парахавым з-дзе ў Пецярбургу. У 1876—78 пад яго кіраўніцтвам праведзена рэарганізацыя і пераабсталяванне парахавых з-даў Расіі. Камандаваў артылерыяй Севастопальскай і Свеаборгскай крэпасцей. З 1900 камендант Выбаргскай крэпасці. З 1906 у адстаўцы. Друкаваўся ў «Артиллерийском журнале».

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 7, с. 439

КАЙГАРО́ДАЎ (Дзмітрый Нічыпаравіч) (12.9.1846, г. Полацк Віцебскай вобл. — 11.2.1924),

расійскі прыродазнавец, фенолаг, арнітолаг, папулярызатар прыродазнаўства, педагог; адзін з заснавальнікаў Рус. т-ва аматараў светазнаўства. Брат М.Н. і Н.Н.Кайгародавых. Скончыў Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (1865), Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1866), Пецярбургскі земляробчы ін-т (1871, з 1881 Лясны), з 1875 заг. кафедры ў ім, у 1887—91 нам. дырэктара. У 1885 стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раяніравання Еўрап. ч. Расіі. Склаў феналагічныя карты веснавога прылёту птушак. Аўтар навукова-папулярных кніг: «Гутаркі пра рускі лес» (2 серыі, 1880—81), «З зялёнага царства» (1888), «Дрэва і яго жыццё» (1897) і інш. Выкладаў прыродазнаўчыя навукі членам імператарскай сям’і.

Тв.:

Русский толковый лесотоварный словарь. СПб., 1883;

О школьных фенологических наблюдениях. Вологда, 1920.

т. 7, с. 439

КА́ЙЗЕР ((Kaiser) Георг) (25.11.1878, г. Магдэбург, Германія — 4.6.1945),

нямецкі пісьменнік, адзін з найб. значных прадстаўнікоў экспрэсіянізму. Літ. дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1890-х г. З 1938 у эміграцыі ў Галандыі, Швейцарыі. Вядомы найперш драматург. творамі — камедыі «Іудзейская ўдава» (1905), «Кінараман» (1924), «Напалеон у Новым Арлеане» (1941); драмы «Грамадзяне Кале» (1914), «З раніцы да поўначы» (1916), «Карал» (1918), «Газ» (ч. 1—2, 1918—20), «Двойчы Олівер» (1926), «Два гальштукі» (1930), «Клавітэр», «Англійская рацыя» (абедзве 1940); паліт. п’есы «Скураныя галовы» (1928), «Місісіпі» (1930), «Салдат Танака» (1940); драм. трылогія «Двойчы Амфітрыён», «Пігмаліён», «Белерафон» (1948). Аўтар раманаў «Досыць» (1932), «Віла Аўрэа» (1940), шэрагу паэт. зборнікаў. У творах пераважаюць тэмы адзіноты чалавека, яго безабароннасці перад гіст. і сац. катаклізмамі. Паэтыка адметная кампазіцыйнай сіметрычнасцю, лаканічнасцю і рытмізаванасцю мовы, гратэскавасцю сітуацый, універсальнасцю вобразаў-сімвалаў. Многія п’есы напісаны ў форме «я-драмы», або «драмы-крыку», пашыранай у экспрэсіянісцкім мастацтве.

Тв.:

Рус. пер. — Драмы. М.;

Пг., 1923.

Літ.:

Экспрессионизм. М., 1966;

Куликова И.С. Экспрессионизм в искусстве. М., 1978.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 439

Кайкаўскі

т. 18, кн. 1, с. 398

КАЙЛА́С,

хрыбет у гарах Гандысышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ паралельна Гімалаям на 300 км. Выш. да 6714 м (г. Кайлас). Складзены пераважна з гранітаў. Паўд. схіл стромкі, вельмі расчлянёны эрозіяй, паўн. — пакаты. Снегавая лінія на выш. 5700—5900 м. Ледавікі. Сухія стэпы, ландшафты халодных пустынь. На К. вытокі рэк Інд і Брахмапутра.

т. 7, с. 440

КАЙЛА́-ДЭ-МАЯ́К,

археалагічны комплекс (паселішча і могільнікі) позняга бронзавага і ранняга жал. веку каля г. Нарбон (Францыя). Вылучаюць 5 фаз. Паселішча заселена каля 700 да н.э. (1-я фаза); у 600—500 да н.э. пашыраны вырабы з жалеза, пахаванне ў павозцы з могільніку Ла-Рэдорт сведчыць пра сувязі з гальштацкай культурай (2-я фаза). 3-я фаза датуецца 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў адпаведнасці з імпартам грэчаскай чорнафігурнай і этрускай керамікі. Паселішча 4-й фазы акружана валам, дамы будавалі з сырцовай цэглы (ранні латэн). 5-я фаза належыць да сярэдняй стадыі латэнскай культуры (не пазней 100 да н.э.).

т. 7, с. 439

КАЙМАКО́Ў (Пётр Васілевіч) (17.1.1894, с. Коржаўка Карсунскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 1973),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1956), праф. (1958). Скончыў Казанскі вет. ін-т (1926). У 1955—61 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та. Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, тэрапіі і прафілактыцы хвароб с.-г. жывёл.

т. 7, с. 440

КАЙМА́Н (Cayman),

глыбакаводны жолаб у Карыбскім м. Выцягнуты ўздоўж паўд. падножжа падводнага хр. Кайман. Даўж. 790 км, сярэдняя шыр. 54 км, найб. глыб. 7090 м. Частка жолаба, якая цягнецца ўздоўж паўд.-ўсх. ускраіны Кубы, наз. жолабам Ар’ентэ.

т. 7, с. 440

КАЙМА́НАВЫЯ РЫ́БЫ (Lepisosteus),

род рыб атр. панцырных шчупакоў. 4 віды. Пашыраны ў прэсных водах Паўн. і Цэнтр. Амерыкі.

Даўж. да 4 м (зрэдку да 6 м), маса каля 150 кг. Характэрна вял. ўзроставая зменлівасць.

Цела ўкрыта моцным панцырам з неналягаючай рыбападобнай ганоіднай лускі. Рыла падоўжанае, нагадвае морду кракадзіла-каймана (адсюль назва). Кормяцца рыбай, падпільноўваюць здабычу з укрыцця. Зімуюць у ямах. Маюць прамысл. значэнне.

т. 7, с. 440