КАЙГАРО́ДАВЫ,

вучоныя і ваенныя дзеячы.

Нічыпар Іванавіч (1810—27.10.1882), матэматык, педагог. Ген.-маёр (1865). Скончыў Першы кадэцкі корпус у Пецярбургу (1828). Вывучаў матэматыку ў В.Я.Бунякоўскага, паслядоўнік М.В.Астраградскага. У 1836—65 на пед. рабоце ў Полацкім кадэцкім корпусе. Прытрымліваўся пед. прынцыпаў І.Г.Песталоці, быў праціўнікам цялесных пакаранняў.

Міхаіл Нічыпаравіч (1853, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1916), ген. ад інфантэрыі (1914). Сын Нічыпара Іванавіча. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1873), Акадэмію Генштаба (1880). Служыў на камандных і штабных пасадах. У 1901—05 губернатар Нюландскі (Фінляндыя) і Іркуцкі. Са жн. 1913 камендант Гродзенскай крэпасці. Аўтар дапаможнікаў для палявых тактычных заняткаў.

Нестар Нічыпаравіч (26.11.1840, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1910), ген.-лейт. (1906). Сын Нічыпара Іванавіча. Чл. Рускага тэхн. т-ва. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1856), Міхайлаўскія артыл. вучылішча (1858) і акадэмію (1865). Служыў у артыл. войсках, на Охценскім парахавым з-дзе ў Пецярбургу. У 1876—78 пад яго кіраўніцтвам праведзена рэарганізацыя і пераабсталяванне парахавых з-даў Расіі. Камандаваў артылерыяй Севастопальскай і Свеаборгскай крэпасцей. З 1900 камендант Выбаргскай крэпасці. З 1906 у адстаўцы. Друкаваўся ў «Артиллерийском журнале».

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)