Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАХАМА́РКА (Cajamarca),

горад на ПнЗ Перу, на схілах Зах. Кардыльеры, на выш. 2,7—2,8 тыс. м. Адм. ц. дэпартамента Кахамарка. Адзін з гал. цэнтраў дзяржавы інкаў. У 1533 іспанцамі тут быў пакараны смерцю апошні ўладар інкаў Атаўальпа. 93 тыс. ж. (1990). Вузел аўтадарог. Прам-сць: харч., гарбарная, тэкстыльная. Рамесная вытв-сць саламяных капелюшоў, чаканка па серабры. Ун-т. Арх. помнікі 17—18 ст.

т. 8, с. 189

КАХА́НАВІЧЫ,

вёска ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 19 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Верхнядзвінск, 194 км ад Віцебска. 609 ж., 276 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 189

«КАХА́НАЧКА»,

гарадскі бытавы танец. Муз. памер . Тэмп умераны. Як бальны танец створаны ў пач. 20 ст. рус. балетмайстрам М.Гаўлікоўскім. На Беларусі пашыраны ў сял. побыце, спарадзіў шэраг харэаграфічных мадыфікацый. Выконваецца парамі па крузе слізготным крокам. Адна з характэрных фігур: партнёры, стоячы тварам адзін да аднаго, удараюцца спачатку правымі, потым, пасля пляскання ў далоні, левымі рукамі. Сцэн. варыянт танца «Полька-каханачка» стварыў бел. балетмайстар В.Партной.

Л.К.Алексютовіч.

т. 8, с. 189

КАХА́ННЕ,

глыбокае і інтымнае пачуццё, сардэчная прыхільнасць да асобы другога полу. Гл. ў арт. Любоў.

т. 8, с. 189

КАХАНО́ВІЧ (Міхаіл Сілуянавіч) (вер. 1882, в. Вял. Лукі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл — 19.3.1934),

бел. паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Выкладаў у навуч. установах Вільні, Магілёва. Чл. Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з арганізатараў, пазней старшыня Магілёўскага беларускага камітэта. Рэдактар газ. «Могилевские известия» (1917). Ўдзельнік з’езда беларускіх арганізацый і партый у Мінску (ліп. 1917). Летам 1918 выехаў у Вільню, удзельнічаў у арганізацыі з’езда беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. З 1919 кіраўнік школьнага аддзела Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, у 1919—22 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. Выступаў з публіцыст. артыкуламі ў бел. перыяд. друку, аўтар успамінаў пра І.Луцкевіча (у кн. «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі яго смерці», 1920). У 1922 абраны паслом у сейм Польскай Рэспублікі. З 1925 у БССР, працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва», у выдавецтвах, займаўся перакладамі. 11.8.1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 16.8.1956.

М.С.Кахановіч.

т. 8, с. 189

Кахановіч Уладзімір Сямёнавіч

т. 18, кн. 1, с. 404

КАХАНО́ЎСКАЯ Іна, гл. Саковіч Аляксандра.

т. 8, с. 189

КАХАНО́ЎСКІ Аўген, гл. Калубовіч Аўген.

т. 8, с. 189

КАХАНО́ЎСКІ (Генадзь Аляксандравіч) (8.1.1936, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1994),

бел. гісторык, краязнавец, фалькларыст, літ.-знавец. Д-р гіст. навук (1992). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1963). Працаваў у Мінскім абл. краязнаўчым музеі ў г. Маладзечна, з 1982 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1991—94 — у Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны. Даследаваў развіццё археалогіі, краязнаўства, музейнай справы, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак выяўленыя ў архівах невядомыя раней дакументы і творы (грамату З.Даленгі-Хадакоўскага на права археал. раскопак, рукапісы Т.Нарбута, А.Кіркора, У.З.Завітневіча і інш.). Аўтар літ.-краязнаўчых нарысаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, Я.Баршчэўскага, А.Гурыновіча, Ф.Тапчэўскага, М.Чарота, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі («Маладзечна», 1971, 1988; «Вілейка», 1974). Першы старшыня Бел. краязнаўчага т-ва (1989—94).

Тв.:

Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн.. 1984;

Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;

Повязь часоў. Мн., 1985;

Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989 (разам з Л.А.Малаш, К.А.Цвіркам);

Прадвесне навукі. Мн., 1990;

А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю...: З біягр. М.Багдановіча. Мн., 1991.

т. 8, с. 189

КАХАНО́ЎСКІ ((Kochanowski) Ян) (1530, в. Сыцына каля г. Радам, Польшча — 22.8.1584),

польскі паэт эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Кракаўскім, Крулявецкім (Кёнігсбергскім), Падуанскім ун-тах. У 1559—70 служыў пры дварах магнатаў, у т. л. Мікалая Радзівіла Чорнага. Пісаў на польск. і лац. мовах. У польскамоўных паэмах «Згода» і «Сатыр, або Дзікі муж» (абедзве 1564), паэме-элегіі «Муза» (каля 1567) уздымаў актуальныя сац.-паліт. тэмы і эстэт праблемы. Аўтар паэмы «Сцяг, або Пруская прысяга» (1569), лірычнай трагедыі «Адказ грэчаскім паслам» (1578), перакладу «Псалмы Давіда» (1578, з’явілася ўзорам для «Псалтыры рыфматворнай» Сімяона Полацкага). Лепшы лірычны цыкл — 19 плачаў-элегій «Трэны» (1580), напісаных на смерць дачкі Уршулі і прасякнутых глыбокім жалем, філас. роздумам пра жыццё чалавека. Жартоўным зместам і трапнасцю грамадскіх і быт. назіранняў вызначаюцца яго эпіграмы-мініяцюры «Фрашкі» (кн. 1—2, 1584). Вяршыня паэт. майстэрства К. — «Песні» (кн. 1—2, 1586), разнастайныя па рытміцы і строфіцы, змесце і танальнасці. Сярод песень «Узяцце Полацка» (1580). Шэраг твораў прысвяціў М.Радзівілу Чорнаму, яго жонцы Альжбеце, акраверш Крыштофу Радзівілу. Гуманіст. пафас твораў і версіфікатарская культура К. спрыялі станаўленню нац. польск. паэзіі і паўплывалі на творчасць А.Рымшы, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.Мархель.

Тв.:

Dzieła wszystkie. T. 1—2, 4. Warszawa, 1982—92;

Dzieła polskie. T. 1—2. 10 wyd. Warszawa, 1980;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1980.

Літ.:

Мархель У.І. Ян Каханоўскі ў Беларусі (XVI—XIX стст.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 3;

Korolko M. Jan Kochanowski: Żywot i sprawy. Warszawa, 1985;

Pelc J. Jan Kochanowski poeta renesansu. Warszawa, 1988.

С.Дз.Малюковіч.

т. 8, с. 190