КАХАНО́ЎСКІ (Генадзь Аляксандравіч) (8.1.1936, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1994),

бел. гісторык, краязнавец, фалькларыст, літ.-знавец. Д-р гіст. навук (1992). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1963). Працаваў у Мінскім абл. краязнаўчым музеі ў г. Маладзечна, з 1982 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1991—94 — у Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны. Даследаваў развіццё археалогіі, краязнаўства, музейнай справы, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак выяўленыя ў архівах невядомыя раней дакументы і творы (грамату З.​Даленгі-Хадакоўскага на права археал. раскопак, рукапісы Т.​Нарбута, А.​Кіркора, У.​З.​Завітневіча і інш.). Аўтар літ.-краязнаўчых нарысаў пра Я.​Купалу, М.​Багдановіча, Я.​Баршчэўскага, А.​Гурыновіча, Ф.​Тапчэўскага, М.​Чарота, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі («Маладзечна», 1971, 1988; «Вілейка», 1974). Першы старшыня Бел. краязнаўчага т-ва (1989—94).

Тв.:

Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн.. 1984;

Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;

Повязь часоў. Мн., 1985;

Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989 (разам з Л.​А.​Малаш, К.​А.​Цвіркам);

Прадвесне навукі. Мн., 1990;

А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю...: З біягр. М.​Багдановіча. Мн., 1991.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)