КАР (ням. Kar),
цырк, чашападобная выемка ў верхняй ч. схілаў гор у вобласці сучаснага або стараж. зледзянення. Утвараецца ад дзейнасці ледавікоў, снежнікаў, марознага выветрывання. Вызначаецца плоскім днішчам, якое з бакоў і ззаду абкружана стромкімі сценкамі, з пярэдняга боку адкрыты ці замкнёны невысокім парогам. На дне К. могуць быць каравыя ледавікі, намнажэнні фірну або снегу. У К., якія знаходзяцца ніжэй сучаснай снегавой лініі, часта размешчаны ка́равыя азёры.
т. 8, с. 37
КАР ((Carr) Джэралд) (н. 22.8.1932, г. Дэнвер, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Паўднёва-Каліфарнійскі ун-т (1954). З 1949 у ВМС ЗША. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Э.Гібсанам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 3-га экіпажа), у час якога тройчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 48 мін). Правёў у космасе 84,04 сут. Залаты медаль «Космас» (ФАІ).
т. 8, с. 37
КАР ((Carr) Эдвард Халет) (28.6.1892, Лондан — 1982),
брытанскі дыпламат, гісторык, палітолаг. У 1916—36 на дыпламат. службе. З 1936 праф. ун-таў Уэльскага, у Оксфардзе і Кембрыджы. Даследаваў пераважна найноўшую гісторыю Расіі: «Міхаіл Бакунін» (1937), «Гісторыя Савецкай Расіі» (т. 1—10, 1950—78; у т. л. «Бальшавіцкая рэвалюцыя 1917—1923», т. 1—3, 1950—53). Сярод інш. прац: «Новае грамадства» (1951), «Што такое гісторыя» (1961).
Тв.:
Рус. пер. — Русская революция от Ленина до Сталина, 1917—1929. М., 1990.
т. 8, с. 37
КАРА́ ў раслін,
частка сцябла і кораня раслін звонку ад камбію. Першасная К. складаецца ў асн. з парэнхімных і мех. тканак (фарміруецца з вонкавай ч. конуса нарастання); другасная К. (развіваецца пазней у выніку дзейнасці камбію) — з коркі і лубу. Функцыі К. разнастайныя з-за мноства тканак, з якіх яна складаецца: перамяшчэнне арган. рэчываў ад лісця да кораня, назапашванне пажыўных рэчываў, ахова раслін ад неспрыяльных умоў знешняга асяроддзя. К. некаторых раслін выкарыстоўваецца як сыравіна для хім. прам-сці, атрымання фарбаў, лек., дубільных сродкаў.
т. 8, с. 37
КАРАБА́Н (Сцяпан Ігнатавіч) (8.1.1902, в. Дзехнаўка Мінскага р-на — 14.1.1974),
бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1960), праф. (1961). Скончыў БДУ (1931). З 1934 працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1937 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1938. Даследаваў філас., літ.-эстэт. погляды В.Бялінскага і Дз. Пісарава. Вывучаў светапогляд і праблематыку творчасці Я.Купалы. Аўтар нарысаў па гісторыі бел. літ. крытыкі і эстэт. думкі, у якіх не пазбег вульгарна-сацыялагічных ацэнак.
Тв.:
Очерки истории белорусской эстетической мысли и литературной критики. Мн., 1971;
Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20—30-х гг. Мн., 1971.
т. 8, с. 38
КАРАБА́НАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 1.1.1948, г.п. Зэльва Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі жывёл. Д-р біял. н. (1993). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1975). З 1991 у Гродзенскім дзярж. ун-це. Навук. працы па распрацоўцы сарбентаў. і цеплалячэбных сродкаў з абязводжанага сапрапелю, фізіял. асновах выкарыстання сапрапеляў у кармленні маладняку жывёл, распрацоўцы біягенных жалезазмяшчальных прэпаратаў для прафілактыкі анеміі маладняку жывёл.
т. 8, с. 38
КАРАБА́ХСКАЕ НАГО́Р’Е,
вулканічнае лававае нагор’е ў Закаўказзі, паміж Зан гезурскім і Карабахскім хрыбтамі, у Азербайджане і Арменіі. Выш. да 3616 м (г. Далідаг). Над паверхняй нагор’я ўзнімаюцца патухлыя вулканічныя конусы да 3581 м (г. Кызылбагаз). Каменныя россыпы, субальпійскія лугі. Пашавая жывёлагадоўля.
т. 8, с. 38
КАРАБА́ХСКАЕ ХА́НСТВА,
дзяржава ў Закаўказзі ў міжрэччы Аракса і Куры ў сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. Вылучылася ў 1747 са складу Ірана. Заснавальнік — Панах Аліхан (правіў у 1747—59). Сталіца з 1752 — г. Панахабад (цяпер Шуша). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства, жывёлагадоўля, рамёствы. Пры Ібрагіме Халілханс (1759—1806) ханства падпарадкавала ўвесь Карабах, Нахічэвань, землі Паўд. Азербайджана. Перад пагрозай заваявання з боку Ірана і Турцыі ў 1805 Ібрагім падпісаў дагавор аб пераходзе дзяржавы пад пратэктарат Расіі. Гэта прывяло пры яго пераемніку да скасавання ханства рас. ўладамі (1822, пераўтворана ў Карабахскую прав.).
т. 8, с. 38