Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАН, Каны (Cannes),

горад на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Каля 100 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Адзін з цэнтраў Блакітнага берага (Рыўеры), месца правядзення міжнар. кінафестываляў. Прадпрыемствы, звязаныя з абслугоўваннем турыстаў і адпачываючых. Вытв-сць пахучых эсенцый. Прыморскі кліматычны курорт. Клімат і расліннасць субтрапічныя, міжземнаморскага тыпу. Умовы спрыяльныя для лячэння хвароб нерв. сістэмы, органаў дыхання, нырак, сасудаў, сэрца, абмену рэчываў і інш. Развіваецца з пач. 19 ст. Адзін з буйных міжнар. курортаў.

т. 7, с. 557

КАН ((Kahn) Герман) (15.2.1922, г. Беён, ЗША — 7.7.1983),

амерыканскі сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў футуралогіі. У 1948—61 супрацоўнічаў з карпарацыяй РЭНД па распрацоўцы пытанняў вайск. стратэгіі ЗША (працы «Аб тэрмаядзернай вайне», 1960; «Аб эскалацыі: метафары і сцэнарыі», 1965, і інш.). Арганізатар і кіраўнік (з 1961) Гудзонаўскага ін-та, які стаў міжнар. цэнтрам па распрацоўцы сац., паліт., эканам., тэхн. і інш. прагнозаў. У футуралагічных працах «Год 2000-ы» (1967), «Наступныя 200 гадоў» (1976) і інш. (напісаны ў сааўтарстве з супрацоўнікамі Гудзонаўскага ін-та) выступаў прыхільнікам канцэпцыі постіндустрыяльнага грамадства. Станоўчы погляд К. на будучыню сучаснага чалавецтва заснаваны на тэхнал. аптымізме.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 557

КАН ((Kahn) Луіс) (20.2.1901, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 17.3.1974),

амерыканскі архітэктар. З 1915 у ЗША. Скончыў Пенсільванскі ун-т у Філадэльфіі (1924). Праф. Іельскага (1948—57) і Пенсільванскага (з 1957) ун-таў. Творчая манера набліжана да бруталізму. будынкі навук. лабараторый ў Філадэльфіі (1957—64), Сан-Дыега (Каліфорнія; 1959—66), адм. і навуч. комплексы ў гарадах Ахмадабад (Індыя; 1963—66) і Дака (Бангладэш; з 1964), музей мастацтва Кімбеля ў Форт-Уэрце (Тэхас; 1967—72) і інш. Распрацаваў ген. план г. Дака на 1962—74. Іл. гл. да арт. Бруталізм.

т. 7, с. 557

КА́НА, эланд (Tragelaphus oryx),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы, на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, трымаецца статкамі.

Самая буйная антылопа кантынента, даўж. да 3,5 м, выш. ў карку каля 1,8 м, маса да 1 т. Рогі даўж. каля 1 м, скручаныя. Пад шыяй складка скуры (падгрудак). Афарбоўка ад шаравата-жоўтай да цёмна-рыжай. Нараджае 1 цяля. Корміцца травой, лісцем. Лёгка прыручаецца, гадуюць на фермах, у т. л. з 1892 у запаведніку Асканія-Нова (Украіна). Зах. падвід (T.o. derbianus) у Чырв. кнізе МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

Кана.

т. 7, с. 557

КАНАА́Т (Мумін) (н. 20.5.1932, в. Кургавад Калаі-Хумбскага р-на Горна-Бадахшанскай аўт. вобл., Таджыкістан),

таджыкскі паэт. Скончыў Таджыкскі ун-т (1956). Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Зямныя зоркі» (1963), «Дняпроўскія хвалі» (1964), «Паэма агню» (1967), «Мацярынскі твар» (1974), паэм «Галасы Сталінграда» (1972), «Калыханка Авіцэны» (1978) і інш., адметных вастрынёй праблематыкі, імкненнем да філас. асэнсавання жыцця. Дзярж. прэмія СССР 1977. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Г.​Пашкоў.

т. 7, с. 557

КАНАВА́ЛАВА (Таіса Фёдараўна) (н. 10.1.1924, в. Легастаева Іскітымскага р-на Новасібірскай вобл., Расія),

бел. і расійская актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Новасібірскае тэатр. вучылішча (1949). Працавала ў т-рах Новасібірска, Кустаная, Брэсцкім абл. драм. (1951—56), у 1956—93 у валгаградскіх абл. драм. і юнага гледача. Творчасць актрысы адметная тонкім лірызмам, глыбокім псіхалагізмам у распрацоўцы характараў. У Брэсцкім абл. драм. т-ры выканала ролі: Наталлі («Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава), Байбы («Вей, ветрык» Я.​Райніса), Ніны («Маскарад» М.​Лермантава), Кацярыны («Навальніца» А.​Астроўскага), Лізы («Дваранскае гняздо» І.​Тургенева), Ніны Зорынай («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Ніны Зарэчнай («Чайка» А.​Чэхава), Веры («Апошнія» М.​Горкага), Каці («Гісторыя аднаго кахання» К.​Сіманава) і інш.

Г.​І.​Сяўковіч.

т. 7, с. 557

КАНАВА́ЛАВА ЗАКО́НЫ,

2 законы, якія вызначаюць сувязь паміж саставам аднароднай вадкай сумесі двух лятучых кампанентаў і саставам і ціскам насычанай пары, што знаходзіцца ў раўнавазе з вадкасцю. Тэарэтычна абгрунтаваны і эксперыментальна пацверджаны Дз.П.Канавалавым у 1881—84.

Першы К.з.: пры пастаяннай т-ры ціск насычанай пары раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі ў ім таго кампанента, колькасць якога ў пары большая (меншая), чым у растворы; пры пастаянным ціску т-ра кіпення раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі таго кампанента, колькасць якога ў пары меншая (большая), чым у растворы. Другі К.з.: у пункце экстрэмуму на крывой залежнасці ціску ад саставу раствору (пары) пры пастаяннай т-ры (на крывой канцэнтрацыйнай залежнасці т-ры кіпення пры пастаянным ціску) саставы вадкасці і пары, што суіснуюць у раўнавазе, аднолькавыя. К.з. з’яўляюцца асновай пры распрацоўцы метадаў рэктыфікацыйнага раздзялення рэчываў.

т. 7, с. 557

КАНАВА́ЛАЎ (Дзмітрый Пятровіч) (22.3.1856, с. Іванаўцы Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 6.1.1929),

расійскі хімік. Акад. АН СССР (1923, чл.-кар. 1921). Скончыў Пецярб. горны ін-т (1878). У 1882—1907 у Пецярб. ун-це (з 1886 праф.). У 1908—15 нам. міністра гандлю і прам-сці, з 1922 прэзідэнт Гал. палаты мер і вагі, адначасова праф. Петраградскага тэхнал. ін-та. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і кінетыцы. Адкрыў Канавалава законы. Увёў паняцце актыўнай паверхні каталізатара, якое мае важнае значэнне ў тэорыі гетэрагеннага каталізу (1885), сфармуляваў уяўленне аб аўтакаталізе. Прэзідэнт Рус. фіз.-хім. т-ва (1923—24, 1927—28).

Літ.:

Соловьев Ю.И., Кипнис АЯ. Д.​П.​Коновалов, 1856—1929. М., 1964.

т. 7, с. 557

КАНАВА́ЛАЎ (Рыгор Іванавіч) (1.10.1908, с. Багалюбаўка Сарочынскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 19.4.1987),

расійскі пісьменнік. Скончыў Пермскі пед. ін-т (1935). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў апавяд. «Пошукі дзівоснай кветкі» (1959), «Беркуцінская гара» (1963), «Гнеў кроткіх» (1969), раманаў «Універсітэт» (1947), «Сцяпны маяк»(1949), «Былінка ў полі» (1969), «Мяжа» (1974), «Удзячнасць» (1983), кн. нарысаў «Пад адным дахам» (1962). У рамане «Вытокі» (кн. 1—2, 1959—67; Дзярж. прэмія Расіі імя Горкага 1970) паказаны лёс карэннай волжскай сям’і.

т. 7, с. 557

КАНАВА́ЛАЎ (Яўмен Рыгоравіч) (19.9. 1914, в. Чарнарэчка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 16.6.1974),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Акад. АН БССР (1969, чл.-кар. 1967), д-р тэхн. н. (1962), праф. (1964). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1972). Скончыў Ленінградскі мех.-тэхнал. ін-т (1936). З 1955 заг. лабараторыі Фіз.тэхн. ін-та, з 1973 акадэмік-сакратар Аддзялення фіз.-тэхн. навук АН Беларусі. Навук. працы па новых відах апрацоўкі металаў, стварэнні металаапрацоўчага абсталявання і інструменту, трываласці металаў і сплаваў у ультрагукавым полі. Адкрыў ультрагукавы капілярны эфект. Дзярж. прэмія Беларусі 1974. На будынку Фіз.-тэхн. ін-та Нац. АН Беларусі мемар. дошка.

Я.Р.Канавалаў.

Тв.:

Ультразвуковая обработка металлов. Мн., 1966 (у сааўт.);

Новые способы пропитки изделий с помощью ультразвуковых колебаний. Мн., 1967 (разам з І.​М.​Германовічам);

Чистовая и упрочняющая ротационная обработка поверхностей. Мн., 1968 (разам з В.​А.​Сідарэнкам);

Основы электроферромагнитной обработки. Мн., 1974 (разам з Ф.​Ю.​Сакулевічам).

т. 7, с. 557