Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЯ́К,

1) тое, што байдарка. 2) Невял. прамысл. лодка, пашыраная ў народаў Арктыкі (захавалася ў эскімосаў). Рашэцісты каркас з дрэва або косці, абцягнуты скурай марскіх жывёл, з адтулінай у верхняй ч. (зацягваецца рэменем вакол пояса грабца). Кіруецца 2 маленькімі вёсламі або адным двухлопасцевым.

Каракскі каяк.

т. 8, с. 204

КАЯЛО́ВІЧ (Віюк-Каяловіч) Альберт

(Войцех; 1609, Ковенскі пав. — 6.10.1677),

гісторык, геральдык, рэліг. дзеяч Рэчы Паспалітай. У 1627 уступіў у ордэн езуітаў. У 1628—32 вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634—38 — у Віленскай акадэміі. У 1644—45 праф. палемічнай тэалогіі ў Браневе (Польшча). У 1645 атрымаў у Вільні ступень д-ра тэалогіі і да 1658 выкладаў у Віленскай акадэміі (у 1654—55 яе рэктар). У 1662—66 прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні, намеснік правінцыяла ордэна езуітаў. З 1666 прэфект у Варшаўскім калегіуме. Гал. яго твор — «Гісторыя Літвы» (ч. 1—2, 1650—69, на лац. мове), у якім даследавана дахрысціянская гісторыя Літвы. У 1651 надрукаваў у Вільні твор «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў». Даследаваў генеалогію родаў Радзівілаў («Летапіс Радзівілаў». Вільня, 1653), Хадкевічаў і Сапегаў. Аўтар кнігі па гісторыі шляхты ВКЛ (захавалася ў 3 рэдакцыях на польск. і лац. мовах).

А.А.Семянчук.

т. 8, с. 204

КАЯЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (2.10.1828, мяст. Кузніца, Польшча — 4.9.1891),

гісторык, этнограф, публіцыст, адзін з гал. ідэолагаў заходнерусізму. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1855). Выкладаў у Рыжскай і Пецярбургскай духоўных семінарыях. Абараняў панславісцкую канцэпцыю гісторыі Расіі. Гіст. канцэпцыю заходнерусізму сфармуляваў у прамове «Гістарычная жывучасць рускага народа і яго культурныя асаблівасці» (1883). Аўтар прац па царк. і паліт. гісторыі Беларусі: «Літоўская царкоўная унія» (т. 1—2, 1859—61), «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя ўз’яднання заходнярускіх уніятаў старых часоў» (1873) і інш.

Тв.:

История русского самосознания: По историческим памятникам и научным сочинениям. 4 изд. Мн., 1997.

т. 8, с. 204

КАЯМПУТУ́Р,

горад у Індыі, гл. Каімбатур.

т. 8, с. 204

КАЯ́ФА (Kaïápha),

бальнеалагічны і кліматычны курорт у Грэцыі. На ПдЗ ад Афін, на п-ве Пелапанес, на беразе зал. Іанічнага м. Субтрапічны клімат, крыніцы тэрмальных (27—36 °C) радонавых вод. Лечаць хваробы органаў руху і апоры, скуры, печані, жоўцевых шляхоў. Побач інш. папулярныя курорты. На Пн ад К. руіны стараж. Алімпіі, рэшткі храмаў Зеўса, Геры і інш. багоў.

т. 8, с. 204