Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАМ,

паўднёва-ўсходняя ўскраіна Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Пераважаюць горныя хрыбты (Баян-Хара-Ула, Расійскага геагр. т-ва і інш.). Выш. да 3000—4000 м, асобныя вяршыні да 6000 м. Хрыбты падзелены падоўжнымі цяснінамі рэк Янцзы, Меконг, Салуін. Высакагорныя стэпы і лугі, па цяснінах — лясы. На вяршынях — шматгадовыя снягі і ледавікі.

т. 7, с. 500

КА́МА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог кахання. Паводле ведаў, К. выйшаў («саманарадзіўся») з сэрца вярх. бога Брахмы; у эпасе ён — сын багіні прыгажосці Лакшмі. К. звычайна ўяўлялі ў выглядзе юнака з лукам і стрэламі, якімі ён насылаў на людзей каханне. Адмаўляць «дары» К. лічылася цяжкім грахом. Вобраз К. часта выкарыстоўваецца ў інд. л-ры.

т. 7, с. 500

КА́МА (ад удм. кам — рака, цячэнне),

рака ў еўрап. ч. Расіі, левы прыток р. Волга. Даўж. 1805 км, пл. бас. 507 тыс. км². Бярэ пачатак на Верхнякамскім узв., упадае ў Куйбышаўскае вадасховішча. Цячэ паміж узвышшамі Высокага Заволжа, па шырокай, месцамі звужанай даліне. У вярхоўях рэчышча няўстойлівае і звілістае. Пасля ўпадзення р. Вішара — мнагаводная рака. Сцёк К. на значным працягу зарэгуляваны плацінамі Камскай, Воткінскай і Ніжнякамскай ГЭС, вышэй якіх створаны вадасховішчы. Гал. прытокі: Вішара, Чусавая, Белая (злева), Вятка (справа).

Жыўленне пераважна снегавое, а таксама падземнае і дажджавое. Ледастаў з пач. ліст. ў вярхоўях і канца ліст. ў нізоўях да красавіка. Сярэдні расход вады каля г. Набярэжныя Чаўны 2940 м³/с. Ніжэй рэйда Керчаўскі рэгулярнае суднаходства. Асн. гарады і парты: Салікамск, Беразнікі, Перм, Краснакамск, Сарапул, Набярэжныя Чаўны, Чыстапаль.

В.П.Кісель.

Сплаў лесу па р. Кама.

т. 7, с. 501

КАМАГУЭ́Й (Camagüey),

горад на У Кубы. Адм. ц. правінцыі Камагуэй. Засн. ў 1515. 283 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны гандл.-прамысл. цэнтр с.-г. раёна. Прам-сць: хім., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая, харчасмакавая (у т. л. мяса-малочная, кансервавая, вінаробчая, тытунёвая). Ун-т. Арх. помнікі каланіяльнага перыяду (16—19 ст.). Музей Ігнасіо Аграмонтэ (мастацтва каланіяльнага перыяду).

т. 7, с. 501

КАМАЕ́ДЗІЦА,

старадаўняе бел. свята язычніцкага паходжання, водгалас пакланення мядзведзю. Звязана з татэмізмам. Спраўлялі ў пач. вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. На К. гатавалі камы (адсюль і назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду; пасля сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. У 19 ст. К. адзначалі ў сакавіку перад Дабравешчаннем; паступова страціла першапачатковы сэнс і стала традыц. забавай. У канцы 19 ст. знікла з побыту.

М.Ф.Піліпенка.

т. 7, с. 501

КАМА́З,

марка грузавых аўтамабіляў аднайменнага акц. т-ва (г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан). Выпускаюцца 2- і 3-восевыя мадэлі вял. грузападымальнасці: бартавыя, аўтасамазвалы, седлавыя цягачы; поўнапрывадныя 3-восевыя мадэлі, разлічаныя на работу ва ўмовах бездарожжа. Маюць дызельныя рухавікі магутнасцю да 242 кВт. Асаблівасць — кабіна размешчана над рухавіком.

Да арт. КамАЗ: грузавы аўтамабіль КамАЗ-53215.

т. 7, с. 501

КАМА́І,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на беразе Малога і Вял. Камайскага азёр, на аўтадарозе Паставы — г.п. Лынтупы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдЗ ад г. Паставы, 268 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Гадуцішкі. 746 ж., 301 двор (1997).

У гіст. крыніцах упамінаюцца ў пач. 16 ст. У розны час належалі Пронскім, Рудамінам-Дусяцкім, Сулістроўскім. У 1603—06 тут пабудаваны касцёл Іаана Хрысціцеля (гл. Камайскі касцёл). Як мястэчка ўпершыню згадваюцца ў 1550. З 1795 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. З 1873 — цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У сярэдзіне 1880-х г. у маёнтку і мястэчку К. 366 ж., 50 двароў, шпіталь, вінны бровар, млын, праводзілася 8 кірмашоў на год; у 1905—494 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. У 1931 у маёнтку 93 ж. і 4 дамы, у мястэчку адпаведна 485 і 79. З 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Гадуцішскім, з 25.11.1940 у Пастаўскім р-нах. 442 ж, 164 гаспадаркі (1971).

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Камайсю касцёл (1603—06). Каля касцёла каменны крыж (15—16 ст.).

т. 7, с. 501

КАМА́ЙКА,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. і Літве, правы прыток р. Бірвета (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 50 км (у межах Беларусі 21 км). Пл. вадазбору 306 км² (у межах Беларусі 205 км²). Выцякае з Вялікага Камайскага воз. Цячэ ў межах Свянцянскіх град і зах. ч. Полацкай нізіны праз азёры Вял. Сурвілішскае і М. Сурвілішкі, Свірас (у Літве). Рэчышча ў сярэднім цячэнні каналізаванае.

т. 7, с. 501

КАМА́ЙСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.

Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.

Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.

У.А.Чантурыя, Г.М.Ярмаленка.

Камайскі касцёл.

т. 7, с. 501

КАМАЛА́,

антыгельмінтны сродак, які здабываецца з залозістых валаскоў, сцёртых з паверхні пладоў вечназялёнага дрэва Rottlera tinctoria ці Mallotus philippensis. Пашыраны ў Індыі і Кітаі. Дробны рыхлы парашок цагляна-чырв. колеру, без паху, растваральны ў эфіры і шчолачы. Мае смалу (80%), ратлерын (10%), дзеючы пачатак К. і інш. Паралізуе круглых чарвей (странгілід і анкіластамід) і стужачных; выклікае раздражненне кішэчніка, адначасова дзейнічае як слабільны сродак.

т. 7, с. 502