КАМА́І,
вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на беразе Малога і Вял. Камайскага азёр, на аўтадарозе Паставы — г.п. Лынтупы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПдЗ ад г. Паставы, 268 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Гадуцішкі. 746 ж., 301 двор (1997).
У гіст. крыніцах упамінаюцца ў пач. 16 ст. У розны час належалі Пронскім, Рудамінам-Дусяцкім, Сулістроўскім. У 1603—06 тут пабудаваны касцёл Іаана Хрысціцеля (гл. Камайскі касцёл). Як мястэчка ўпершыню згадваюцца ў 1550. З 1795 у Рас. імперыі, у Віленскім пав. З 1873 — цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У сярэдзіне 1880-х г. у маёнтку і мястэчку К. 366 ж., 50 двароў, шпіталь, вінны бровар, млын, праводзілася 8 кірмашоў на год; у 1905—494 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. У 1931 у маёнтку 93 ж. і 4 дамы, у мястэчку адпаведна 485 і 79. З 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Гадуцішскім, з 25.11.1940 у Пастаўскім р-нах. 442 ж, 164 гаспадаркі (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Камайсю касцёл (1603—06). Каля касцёла каменны крыж (15—16 ст.).
т. 7, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)