КАЯЛО́ВІЧ (Віюк-Каяловіч) Альберт
(Войцех; 1609, Ковенскі пав. — 6.10.1677),
гісторык, геральдык, рэліг. дзеяч Рэчы Паспалітай. У 1627 уступіў у ордэн езуітаў. У 1628—32 вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634—38 — у Віленскай акадэміі. У 1644—45 праф. палемічнай тэалогіі ў Браневе (Польшча). У 1645 атрымаў у Вільні ступень д-ра тэалогіі і да 1658 выкладаў у Віленскай акадэміі (у 1654—55 яе рэктар). У 1662—66 прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні, намеснік правінцыяла ордэна езуітаў. З 1666 прэфект у Варшаўскім калегіуме. Гал. яго твор — «Гісторыя Літвы» (ч. 1—2, 1650—69, на лац. мове), у якім даследавана дахрысціянская гісторыя Літвы. У 1651 надрукаваў у Вільні твор «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў». Даследаваў генеалогію родаў Радзівілаў («Летапіс Радзівілаў». Вільня, 1653), Хадкевічаў і Сапегаў. Аўтар кнігі па гісторыі шляхты ВКЛ (захавалася ў 3 рэдакцыях на польск. і лац. мовах).
А.А.Семянчук.
т. 8, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)