КАХАНО́ЎСКІ ((Kochanowski) Ян) (1530, в. Сыцына каля г. Радам, Польшча — 22.8.1584),

польскі паэт эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Кракаўскім, Крулявецкім (Кёнігсбергскім), Падуанскім ун-тах. У 1559—70 служыў пры дварах магнатаў, у т. л. Мікалая Радзівіла Чорнага. Пісаў на польск. і лац. мовах. У польскамоўных паэмах «Згода» і «Сатыр, або Дзікі муж» (абедзве 1564), паэме-элегіі «Муза» (каля 1567) уздымаў актуальныя сац.-паліт. тэмы і эстэт праблемы. Аўтар паэмы «Сцяг, або Пруская прысяга» (1569), лірычнай трагедыі «Адказ грэчаскім паслам» (1578), перакладу «Псалмы Давіда» (1578, з’явілася ўзорам для «Псалтыры рыфматворнай» Сімяона Полацкага). Лепшы лірычны цыкл — 19 плачаў-элегій «Трэны» (1580), напісаных на смерць дачкі Уршулі і прасякнутых глыбокім жалем, філас. роздумам пра жыццё чалавека. Жартоўным зместам і трапнасцю грамадскіх і быт. назіранняў вызначаюцца яго эпіграмы-мініяцюры «Фрашкі» (кн. 1—2, 1584). Вяршыня паэт. майстэрства К. — «Песні» (кн. 1—2, 1586), разнастайныя па рытміцы і строфіцы, змесце і танальнасці. Сярод песень «Узяцце Полацка» (1580). Шэраг твораў прысвяціў М.Радзівілу Чорнаму, яго жонцы Альжбеце, акраверш Крыштофу Радзівілу. Гуманіст. пафас твораў і версіфікатарская культура К. спрыялі станаўленню нац. польск. паэзіі і паўплывалі на творчасць А.Рымшы, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.Мархель.

Тв.:

Dzieła wszystkie. T. 1—2, 4. Warszawa, 1982—92;

Dzieła polskie. T. 1—2. 10 wyd. Warszawa, 1980;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1980.

Літ.:

Мархель У.І. Ян Каханоўскі ў Беларусі (XVI—XIX стст.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 3;

Korolko M. Jan Kochanowski: Żywot i sprawy. Warszawa, 1985;

Pelc J. Jan Kochanowski poeta renesansu. Warszawa, 1988.

С.Дз.Малюковіч.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)