КАЙЛА́-ДЭ-МАЯ́К,
археалагічны комплекс (паселішча і могільнікі) позняга бронзавага і ранняга жал. веку каля г. Нарбон (Францыя). Вылучаюць 5 фаз. Паселішча заселена каля 700 да н.э. (1-я фаза); у 600—500 да н.э. пашыраны вырабы з жалеза, пахаванне ў павозцы з могільніку Ла-Рэдорт сведчыць пра сувязі з гальштацкай культурай (2-я фаза). 3-я фаза датуецца 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў адпаведнасці з імпартам грэчаскай чорнафігурнай і этрускай керамікі. Паселішча 4-й фазы акружана валам, дамы будавалі з сырцовай цэглы (ранні латэн). 5-я фаза належыць да сярэдняй стадыі латэнскай культуры (не пазней 100 да н.э.).
т. 7, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)