КА́ЙЗЕР ((Kaiser) Георг) (25.11.1878, г. Магдэбург, Германія — 4.6.1945),
нямецкі пісьменнік, адзін з найб. значных прадстаўнікоў экспрэсіянізму. Літ. дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1890-х г. З 1938 у эміграцыі ў Галандыі, Швейцарыі. Вядомы найперш драматург. творамі — камедыі «Іудзейская ўдава» (1905), «Кінараман» (1924), «Напалеон у Новым Арлеане» (1941); драмы «Грамадзяне Кале» (1914), «З раніцы да поўначы» (1916), «Карал» (1918), «Газ» (ч. 1—2, 1918—20), «Двойчы Олівер» (1926), «Два гальштукі» (1930), «Клавітэр», «Англійская рацыя» (абедзве 1940); паліт. п’есы «Скураныя галовы» (1928), «Місісіпі» (1930), «Салдат Танака» (1940); драм. трылогія «Двойчы Амфітрыён», «Пігмаліён», «Белерафон» (1948). Аўтар раманаў «Досыць» (1932), «Віла Аўрэа» (1940), шэрагу паэт. зборнікаў. У творах пераважаюць тэмы адзіноты чалавека, яго безабароннасці перад гіст. і сац. катаклізмамі. Паэтыка адметная кампазіцыйнай сіметрычнасцю, лаканічнасцю і рытмізаванасцю мовы, гратэскавасцю сітуацый, універсальнасцю вобразаў-сімвалаў. Многія п’есы напісаны ў форме «я-драмы», або «драмы-крыку», пашыранай у экспрэсіянісцкім мастацтве.
Тв.:
Рус. пер. — Драмы. М.;
Пг., 1923.
Літ.:
Экспрессионизм. М., 1966;
Куликова И.С. Экспрессионизм в искусстве. М., 1978.
Е.А.Лявонава.
т. 7, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)