КАФЕРМЕ́НТЫ [ад лац. co (cum) разам + ферменты],
каэнзімы, арганічныя злучэнні небялковай прыроды, якія ўваходзяць у склад ферментаў. Неабходныя для многіх складаных ферментатыўных рэакцый (сувязное звяно паміж 2 рознымі ферментамі). Пры злучэнні з апаферментам К. ўтвараюць каталітычна актыўны комплекс (холафермент). Могуць аддзяляцца ад бялковай часткі ферменту і пераносіць атамы ці групы атамаў, што адшчэпліваюцца ферментам ад субстрату. Трывала звязаныя з бялком К. наз. прастэтычнай групай. Большасць К. — вытворныя вітамінаў, адсутнасць якіх у ежы чалавека і жывёл прыводзіць да недастатковай актыўнасці некат. ферментаў і выклікае парушэнні абмену рэчываў.
т. 8, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)