КАЛАРЫМЕ́ТРЫЯ (ад лац. calor цяпло + ...метрыя),
1) у тэхніцы — сукупнасць метадаў вымярэння цеплавых эфектаў (колькасці цеплаты) розных фіз., хім. і біял. працэсаў. Каларыметрычныя вымярэнні праводзяцца з дапамогай каларыметраў і выкарыстоўваюцца ў цеплатэхніцы, металургіі, хім. тэхналогіі і інш.
К. ўключае вымярэнні цеплаёмістасці цел, цеплаты фазавых пераходаў (плаўленне, кіпенне і інш.), цеплавых эфектаў намагнічвання, электрызацыі, растварэння, сорбцыі, хім. рэакцый, рэакцый абмену рэчываў у жывых арганізмах і інш. Вымярэнні пры т-рах, большых за 400 °C, наз. высокатэмпературнай К., у вобласці т-р, меншых за 77 К, — нізкатэмпературнай К. (выкарыстоўваецца пры вывучэнні магн. і эл. эфектаў у цвёрдых целах і вадкасцях, а таксама для разліку тэрмадынамічных функцый рэчываў).
У біялогіі — вымярэнне колькасці цеплыні, якая выдзяляецца жывым арганізмам за пэўны час. Прамая К. — цеплаабмен і цеплаўтварэнне — даследуюцца пры знаходжанні арганізма ў спец. камеры (каларыметры). Непрамая К. грунтуецца на падліку колькасці спажытага кіслароду і выдзялення вуглякіслага газу і вады. Выкарыстоўваецца для вывучэння цеплавых эфектаў абмену рэчываў, вызначэння агульнага ўзроўню энергет. затрат арганізма, для дыягностыкі ў медыцыне.
т. 7, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)