КАЛАРЫ́МЕТР (ад лац. calor цяпло + ...метр),
прылада для вымярэння колькасці цеплаты, што паглынаецца або аддаецца ў розных фіз., хім., біял. і інш. працэсах. Тэрмін прапанаваны А.Лавуазье і П.Лапласам (1780).
Адрозніваюць К. вадкасныя і масіўныя, адзінарныя і падвойныя (дыферэнцыяльныя), з пераменнай (колькасць цеплаты вымяраецца па змене т-ры К.) і пастаяннай т-рай (вымяраецца колькасць рэчыва, якое перайшло ў інш. агрэгатны стан, напр., расплавілася ці выпарылася). Канструкцыя К. вызначаецца характарам і працягласцю даследаванага працэсу, межамі т-р, у якіх праводзяцца вымярэнні, зададзенай дакладнасцю і інш. К. для вымярэння сумарнага цеплавога эфекту наз. К.-інтэгратарамі; вадкасны К.-інтэгратар выкарыстоўваюць для вымярэння цеплаты растварэння ці хім. рэакцый, масіўны К. — энтальпіі рэчываў. К. для вымярэння цеплавой магутнасці і яе змен на розных стадыях працэсу наз. К.-асцылографамі; прынцып іх работы заснаваны на Пельцье эфекце.
т. 7, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)