Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАМПІ́РЫ

(Vampyrum),

род кажаноў сям. амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.

Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.

т. 3, с. 499

ВАМПІРЫ́ЗМ,

рэдкая палавая ненармальнасць, якая вызначаецца спалучэннем садызму і фетышызму, калі фетышам з’яўляецца кроў партнёра. Да вампірызму можна аднесці выпадкі, калі палавы акт суправаджаецца фантастычнымі вобразамі крыві, што льецца. Цяжкія формы вампірызму — нематываваныя забойствы без якіх-небудзь карыслівых мэт або распусных дзеянняў (выгляд крыві можа замяняць палавыя зносіны).

т. 3, с. 500

ВАН,

тытул правіцеляў дзяржаў, княстваў у Кітаі і Карэі ў старажытнасці і ў сярэднія вякі.

т. 3, с. 500

ВАН

(Van),

бяссцёкавае салёнае возера на У Турцыі. Размешчана на Армянскім нагор’і, на выш. 1720 м. Пл. каля 3,7 тыс. км². Глыб. да 145 м. Каля берагоў Вана — вулканы Сюпхан і Немруг. Суднаходства (чыг. паром на лініі Анкара — Тэбрыз). Солеварэнне. На ўсх. узбярэжжы — г. Ван.

т. 3, с. 500

ВАН

(Van),

горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм. прам-сць.

Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв. вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.

т. 3, с. 500

ВА́НАГ

(Vanags) Юлій Пятровіч (8.7.1903, в. Медню Екабпілскага р-на, Латвія — 12.10.1986),

латышскі пісьменнік. Засл. дз. культуры Латвіі (1953). Засл. работнік культуры Беларусі (1979). У 1954—65 сакратар праўлення СП Латвіі. Друкаваўся з 1927. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «У варотах сонца» (1946), «Горкія кветкі» (1960), «Паэзія» (1973), «Успомні, маладосць мая» (1976), п’ес «Сустрэча на беразе» (1948), «Караблі выходзяць у мора» (1955) і інш. На лат. мову пераклаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Адамовіча, Я.Брыля, І.Мележа, І.Шамякіна, А.Якімовіча. Творы Ванага на бел. мову перакладалі Я.Брыль, В.Вітка, П.Галубцова, Х.Жычка. Літ. прэмія імя А.Фадзеева 1980.

Тв.:

Бел. пер. — Вялікія справы маленькага Мікіня. Мн., 1957.

т. 3, с. 500

ВА́НАГАС

(Vanagas) Аляксандрас (12.8.1934, в. Буйвенай, Літва — 13.4.1995),

літоўскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1984). З 1966 чл. Міжнар. камітэта анамастыкі. Распрацоўваючы праблемы літоўскай анамастыкі, шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял: «Утварэнне гідронімаў Літоўскай ССР» (1970; Дзярж. прэмія Літвы 1974), «Этымалагічны слоўнік літоўскіх гідронімаў» і «Семантыка літоўскіх гідронімаў» (1981) і інш. Бел.-літоўскім сувязям прысвяціў працу «Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы» (1968, разам з М.В.Бірылам).

т. 3, с. 500

ВАНАДА́ТЫ,

солі ванадыевых кіслот (не вылучаныя ў свабодным стане): ортаванадыевай H3VO4, метаванадыевай HVO3 і інш. Метаванадаты шчолачных і шчолачназямельных металаў (крышталічныя рэчывы) адносна легкаплаўкія злучэнні (кальцыю метаванадат tпл 775 °C), ортаванадаты больш тугаплаўкія (натрыю ортаванадат tпл 1285 °C). Ванадаты шчолачных металаў, магнію і амонію добра раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць пры растварэнні аксіду ванадыю (V2O5) у шчолачах ці пры яго сплаўленні з аксідамі, карбанатамі і нітратамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ванадыю і яго сплаваў, як каталізатары, пратраву пры фарбаванні тканін, ванадаты кальцыю і рэдказямельных элементаў — у лазернай тэхніцы.

т. 3, с. 500

ВАНАДЗО́Р

(да 1935 Каракліс, да 1993 Кіравакан),

горад у Арменіі. Засн. ў 1826. 173 тыс. ж. (1995). Чыг. станцыя. Хім. (хім. валокны), машынабуд. (станкі, электратэхн. вырабы і інш.), харч., лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, прадзільная), мэблевая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пед. ін-т. Т-р. Краязнаўчы музей. Горнакліматычны курорт. Моцна пацярпеў ад землетрасення ў снеж. 1988.

т. 3, с. 500

ВАНА́ДЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання ванадыю. Гал. мінералы ванадыевых руд: ванадыніт, дэклуазіт, купрадэклуазіт, карнатыт і інш. Радовішчы магматычныя, кантактава-метасаматычныя, гідратэрмальныя, большасць — комплексныя, з іх атрымліваюць таксама жалеза, тытан, уран, свінец, цынк, медзь, алюміній, фосфар. Колькасць V2O5 у рудзе ад 0,1 да 29%. Буйнейшыя радовішчы ў ПАР, ЗША, Фінляндыі, Намібіі, Чылі.

т. 3, с. 500