ВАНАДА́ТЫ,

солі ванадыевых кіслот (не вылучаныя ў свабодным стане): ортаванадыевай H3VO4, метаванадыевай HVO3 і інш. Метаванадаты шчолачных і шчолачназямельных металаў (крышталічныя рэчывы) адносна легкаплаўкія злучэнні (кальцыю метаванадат tпл 775 °C), ортаванадаты больш тугаплаўкія (натрыю ортаванадат tпл 1285 °C). Ванадаты шчолачных металаў, магнію і амонію добра раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць пры растварэнні аксіду ванадыю (V2O5) у шчолачах ці пры яго сплаўленні з аксідамі, карбанатамі і нітратамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ванадыю і яго сплаваў, як каталізатары, пратраву пры фарбаванні тканін, ванадаты кальцыю і рэдказямельных элементаў — у лазернай тэхніцы.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)