Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРМАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад тэрма... + рэцэптары),

нервовыя канцы, што ўспрымаюць змены т-ры навакольнага асяроддзя і перадаюць інфармацыю ў цэнтр тэрмарэгуляцыі. Выяўлены ў беспазваночных і пазваночных жывёл. У гамаятэрмных жывёл і чалавека Т. размешчаны па паверхні цела (скура, падскурныя сасуды) і ва ўнутр. органах (верхнія дыхальныя шляхі, стрававальны тракт). Цэнтр. тэрмасенсары знаходзяцца ў розных аддзелах мозга (пераважна ў гіпаталамусе, рэтыкулярнай фармацыі, спінным мозгу). Змена т-ры навакольнага асяроддзя ўспрымаецца як змена актыўнасці Т. розных тыпаў (механахаладовых, халадовых, цеплавых), а тэмпературныя адчуванні ўзнікаюць у выніку інтэграцыі ў ц. н. с. іх імпульсаў.

В.​М.​Гурын.

т. 16, с. 136

ТЭ́РМАС (ад грэч. thermos цёплы, гарачы),

пасудзіна, якая забяспечвае захаванне адносна пастаяннай тэмпературы. Засцерагае прадукты харчавання ад астывання або награвання. Уяўляе сабою Дзьюара пасудзіны, змешчаныя ў метал. або пластмасавы корпус. Паводле прызначэння адрозніваюць Т. бытавыя (ёмістасць 0,25—3 л), грамадскага харчавання (да 30 л) і т.зв. тэрмакантэйнеры, якія маюць некалькі судкоў з харчаваннем (напр., піражкі, марожанае і інш.).

т. 16, с. 137

ТЭРМАСТА́Т (ад тэрма... + грэч. statos нерухомы),

прылада для падтрымання пастаяннай т-ры ў абмежаваным аб’ёме; метал., шкляная ці інш. пасудзіна, цеплаізаляваная ад навакольнага асяроддзя. Для забеспячэння пастаяннай т-ры выкарыстоўваюць стабільнасць т-р фазавых пераходаў, напр., тэмпературы маўлення, тэмпературы кіпення чыстых рэчываў і раўнаважных сумесей, ці спец. прыстасаванні — тэрмарэгулятары. Т. для нізкіх тэмператур наз. крыястатамі.

т. 16, с. 137

ТЭРМАСФЕ́РА (ад тэрма... + сфера),

слой верхняй атмасферы, які размешчаны паміж верхняй мяжой мезасферы (мезапаўзай) і экзасферай, на выш. ад 80—90 км да 1000 км. Характарызуецца хуткім ростам т-ры да выш. 200—300 км, дзе дасягае 1500 °C, што звязана пераважна з паглынаннем караткахвалевай сонечнай радыяцыі. У межах Т. вылучаюць слой з высокай ступенню іанізацыі паветра (гл. Іанасфера).

т. 16, с. 137

ТЭРМАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ,

здольнасць крохкіх матэрыялаў (пераважна вогнетрывалых) без разбурэння процістаяць тэрмічным напружанням. Звычайна ацэньваецца колькасцю цыклаў нагрэву і ахаладжэння, якія вытрымлівае выраб (узор) да з’яўлення расколін або разбурэння. Часам Т. ацэньваецца тэмпературным градыентам, пры якім узнікаюць расколіны.

т. 16, с. 137

ТЭРМАФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, тэрмафілы (ад тэрма... + ...філ),

арганізмы, якія прыстасаваны да жыцця ва ўмовах пастаянна высокіх т-р. Тэрмафільныя мікраарганізмы жывуць пры т-рах больш за 45 °C, пашыраны ў гарачых крыніцах, тэрмальных водах, субстратах (вільготныя сена, салома, гной), якія самаразаграваюцца ў выніку жыццядзейнасці тэрмагенных бактэрый. Макс. т-ры росту бактэрый 70—110 °C, мікраскапічных грыбоў і водарасцей 55—60 °C, прасцейшых 45—50 °C. Сярод жывёл да Т.а. належаць мадрэпоравыя каралы, насякомыя арыдных зон (жукі чарнацелкі і інш.), цеплакроўныя жывёлы, якія адрозніваюцца нізкай здольнасцю да тэрмарэгуляцыі пры нізкіх т-рах (трапічныя птушкі, антылопы). Да Т.а. адносяць таксама сапрафітаў і паразітаў, якія жывуць у целе цеплакроўных жывёл пры 35—40 °C, раслін і жывёл тропікаў.

т. 16, с. 137

ТЭРМАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

тэрмафобы (ад тэрма... + грэч. phobos страх), жывыя арганізмы, якія здольны існаваць і размнажацца толькі пры адносна нізкіх т-рах (звычайна не больш за 10 °C). Да Т.а. належыць большасць жыхароў глыбінь акіянаў, мораў, буйных азёраў, вадаёмаў і сушы раёнаў з халодным кліматам (Арктыкі, Антарктыкі, высакагор’яў). Тэрмафобныя мікраарганізмы наз. таксама псіхрафільнымі ці крыяфільнымі, а тэрмафобныя расліны падзяляюць на крыяфіты і псіхрафіты.

т. 16, с. 137

ТЭРМАХІ́МІЯ (ад тэрма... + хімія),

раздзел тэрмадынамікі хімічнай, які вывучае цеплавыя эфекты рэакцый і вызначае іх залежнасць ад розных фіз.-хім. параметраў. У задачу Т. ўваходзяць таксама вымярэнне і разлік цяплот фазавых пераходаў, растварэння, разбаўлення і інш. фіз.-хім. працэсаў, вымярэнне цеплаёмістасці рэчываў. Асн. і найб. дакладны эксперым. метад Т. — каларыметрыя. У Т. выкарыстоўваюць таксама разліковыя метады, якія грунтуюцца на эмпірычна выяўленых тэрмахім. заканамернасцях. Гал. кірункі эксперым. даследаванняў — надзейнае вызначэнне асн. тэрмахім. велічынь, даследаванне новых злучэнняў розных класаў (паўправаднікоў, комплексны-х і элементаарган. злучэнняў, высокатэмпературных звышправаднікоў і інш.), а таксама паверхневых з’яў, радые- і біяхім. працэсаў, свабодных радыкалаў, ператварэння макрамалекул. Даныя Т. выкарыстоўваюць у тэарэт. хіміі і ў практыцы пры праектаванні і ўдасканаленні хім. вытв-сцей.

Т. ўзнікла ў 18 ст. Першыя тэрмахім. вымярэнні ажыццявілі Дж.Блэк, А.Л.Лавуазье, П.С. дэ Лаплас. У 19 ст. значны ўклад у развіццё Т. зрабілі Г.І.Гес, П.Э.Бертло, Х.П.Томсен. Асн. закон Т. — Геса закон, адкрыты ў 1840, дазваляе разлічваць цеплавыя эфекты хім. рэакцый, у прыватнасці, па цяплотах утварэння зыходных рэчываў і прадуктаў. У 20 ст. ўдасканаленне метадаў тэрмахім. вымярэнняў значна павысіла іх дакладнасць; распачата вытв-сць прэцызійнай каларыметрычнай апаратуры. Сучасныя мікракаларыметры маюць высокую адчувальнасць і практычна неабмежаваны час вымярэнняў. Іх выкарыстоўваюць для вызначэння малых цеплавых эфектаў і цяплот павольных хім. рэакцый (напр., гідроліз складаных эфіраў, этэрыфікацыя, цвярдзенне цэменту).

т. 16, с. 137

ТЭРМАЭЛЕКТРАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА,

тэрмаэрс, электрарухальная сіла, якая ўзнікае ў эл. ланцугу з разнародных праваднікоў ці паўправаднікоў, кантакты паміж якімі маюць розную т-ру. Гл. Зеебека з’ява.

т. 16, с. 137

ТЭРМАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ, Рычардсана эфект,

вылучэнне электронаў нагрэтымі цвёрдымі ці вадкімі целамі (эмітэрамі).

З паверхні цела вылучаюцца толькі тыя электроны, кінетычная энергія якіх дастатковая для пераадолення патэнцыяльнага бар’ера на мяжы цела. Колькасць вылучаных электронаў вызначаецца т-рай эмітэра T і яго работай выхаду WВ. Гал. характарыстыка Т.э. — велічыня шчыльнасці току насычэння j0 пры дадзенай т-ры. Пры адсутнасці знешніх эл. палёў паводле формулы Рычардсана—Дэшмана j0 = A0 ( 1 − r_ ) T2 e −WВ / kT , дзе A0 — пастаянная велічыня (1.204∙10​6 А/м²∙К​−2), k — пастаянная Больцмана, r_ — усярэднены па энергіях каэф. адбіцця электронаў ад паверхні эмітэра ў вакууме. Пры адсутнасці знешняга эл. поля (ці пры малой яго велічыні) электроны, што вылятаюць, утвараюць паблізу паверхні эмітэра адмоўны прасторавы зарад, які абмяжоўвае ток Т.э. З павелічэннем напружанасці знешняга эл. поля прасторавы зарад разыходзіцца і ток дасягае велічыні насычэння; пры далейшым росце напружанасці ток слаба павялічваецца з прычыны Шоткі эфекту.

Пры вял. знешніх эл. палях да току Т.э. дадаецца ток аўтаэлектроннай эмісіі. Т.э. выкарыстоўваецца ў электравакуумных прыладах (катоды) і тэрмаэлектронных генератарах.

Залежнасць шчыльнасці току j тэрмаэлектроннай эмісіі ад напружанасці электрычнага поля V паміж эмітэрам і калектарам дыёда.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 137