ВО́ЛМА,
вадасховішча ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма (бас. Дняпра); за 41 км ад вусця, за 16 км на З ад г. Чэрвень. Створана ў 1932. Пл. 0,87 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 3,1 м (1988). У выніку моцнага зарастання каля берагоў і заглейвання дна аб’ём вады зменшыўся з 1,25 да 0,62 млн. м³. Выкарыстоўваецца для рыбаводства і адпачынку, паблізу санаторый-прафілакторый «Волма».
А.А.Макарэвіч.
т. 4, с. 265
ВО́ЛТА,
рака ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 207 км². Выцякае з воз. Белае ў межах гідралагічнага заказніка Ельня, цячэ па зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна трапецападобная, у верхняй частцы невыразная. Пойма ў вярхоўях зліваецца з прылеглай мясцовасцю, у сярэднім і ніжнім цячэнні перарывістая. У верхнім цячэнні рэчышча каналізаванае.
т. 4, с. 265
ВО́ЛХАЎ,
рака ў Наўгародскай і Ленінградскай абласцях Расіі. Даўж. 224 км, пл. бас. 80,2 тыс. км². Выцякае з воз. Ільмень, цячэ па Прыільменскай нізіне, упадае ў Ладажскае воз. Сярэдні расход вады 593 м³/с. Суднаходная на ўсім працягу. Злучана каналамі з р. Мста, Нява, Сясь. Волхаў — частка Вышневалоцкай воднай сістэмы. ГЭС. На Волхаве — г. Ноўгарад, Кірышы, Волхаў, Новая Ладага.
т. 4, с. 265
ВО́ЛЧАК Віктар Мацвеевіч
(22.4.1910, чыг. ст. Цінская, Краснаярскі край, Расія — 26.4.1985),
бел. архітэктар і педагог. Засл. арх. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 працаваў у Ташкенце; аўтар помніка Алішэру Наваі (1950, скульпт. Л.Дзітрых) і інш. У 1953—59 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». У 1954—75 выкладаў у БПІ. З 1979 у ін-це «Мінскметропраект». Асн. работы на Беларусі: будынак Мінскага аблвыканкома (1958), Літ.музей Я.Купалы (1959), помнікі Марату Казею (1958, скульпт. С.Селіханаў), ахвярам Масюкоўшчынскага лагера смерці (1959) у Мінску; воінам польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі ў в. Леніна Горацкага р-на (1953); абеліскі ў гонар сав. воінаў і партызан у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1959, скульпт. Я.Печкін). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
т. 4, с. 265
ВО́ЛЧАК Галіна Барысаўна
(н. 19.12.1933, Масква),
руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Школу-студыю імя У.І.Неміровіча-Данчанкі пры МХАТ (1955). З 1956 у Маскоўскім т-ры «Сучаснік» (з 1972 гал. рэжысёр). Характарная актрыса. Сярод роляў: Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.Гогаля), Нюрка-Хлебарэзка («Вечна жывыя» В.Рогава), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі). Як рэжысёр асн. ўвагу аддае працы з акцёрамі, дамагаючыся сац. і псіхал. дакладнасці, яе спектаклі адметныя завостраным сцэн. малюнкам, сакавітымі камедыйнымі і драм. фарбамі: «Тры сястры» А.Чэхава (1982), «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна (1988), «Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург (1989), «Анфіса» Л.Андрэева (1991), «Пігмаліён» Б.Шоу (1995). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1967.
т. 4, с. 266
ВО́ЛЧАС,
Воўчыца, рака ў Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 427 км. Пачынаецца з балота каля в. Старынка Мсціслаўскага р-на, цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне праз Крычаўскі і Чэрыкаўскі р-ны. Асн. прытокі р. Яленка (злева) і ручай Глінец (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 100—250 м у вярхоўі, 1—1,3 км у вусці. Пойма двухбаковая, пераважна лугавая, месцамі забалочаная, шыр. ад 50—200 м у верхнім цячэнні да 250—350 м у ніжнім. Рэчышча звілістае, у вярхоўі каналізаванае на 21,9 км. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,5 м³/с. Берагі стромкія і абрывістыя, у сярэднім цячэнні забалочаныя, пад хмызняком. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
т. 4, с. 266
ВО́ЛЬБЕРАВІЧЫ,
Вольбаравічы, Ольбаравічы, вёска ў Бярэзінскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. За 14 км на У ад г. Докшыцы, 226 км ад г. Віцебск, 26 км ад чыг. ст. Параф’янава. 69 ж., 37 двароў (1996). Базавая школа, клуб, аддз. сувязі.
Волберавічы ўзніклі не пазней як у 15 ст. на тэр. ўладанняў Манівідаў у стараж. Харэцкай вол. У 17—18 ст. упамінаюцца як уласнасць кармелітаў. Уваходзілі ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Докшыцкага, з 1797 — Барысаўскага пав. У 1886 — 350 ж., 36 двароў, правасл. царква. З 1924 вёска ў Бярэзінскім с/с Бягомльскага, у 1962—65 Глыбоцкага, у 1960—62 і з 1965 Докшыцкага р-наў. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў жн. 1943 спалілі Вольберавічы і загубілі большую частку жыхароў.
т. 4, с. 266