Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М у гідралогіі, змена ў часе ўзроўняў і аб’ёмаў вады ў рэках, азёрах і балотах. Гадавы цыкл воднага рэжыму падзяляецца на характэрныя фазы: разводдзе, межань (летняя і зімовая), дажджавыя паводкі. На раўнінных рэках Беларусі найб. выразная фаза разводдзя.

т. 4, с. 252

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,

сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.

Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.

т. 4, с. 252

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,

працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. Раслін.

Л.Г.Емяльянаў.

т. 4, с. 252

ВО́ДНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту, які ажыццяўляе перавозкі грузаў, пасажыраў па водных шляхах: прыродных (рэкі, азёры, моры, акіяны, пралівы) і штучных (каналы, вадасховішчы і інш.). Падзяляецца на марскі і ўнутраны. Гл. Марскі транспарт, Рачны транспарт.

т. 4, с. 253

ВО́ДНЫ ФОНД,

сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.

т. 4, с. 253

ВО́ДПУСК чарговы, штогадовы адпачынак з захаваннем месца работы (пасады) і сярэдняга заработку для ўсіх рабочых і служачых (акрамя часовых і сезонных работнікаў). Працягласць асн. водпуску паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь складае не менш як 15 рабочых дзён; для непаўналетніх і інвалідаў не менш як 1 каляндарны месяц. Парадак вылічэння працягласці штогадовага водпуску вызначаецца заканадаўствам. Водпуск за першы год работы даецца па сканчэнні 11 месяцаў бесперапыннай работы ў дадзенага наймальніка, за другі і наступныя гады работы — у любы час рабочага года ў ападведнасці з чарговасцю. Штогадовыя дадатковыя водпускі даюцца: работнікам, занятым на работах са шкоднымі ўмовамі працы; тым, хто заняты ў асобных галінах нар. гаспадаркі і мае працяглы стаж работы на адным прадпрыемстве (арг-цыі); работнікам з ненармаваным рабочым днём; у інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або калектыўным дагаворам.

т. 4, с. 253

ВО́ДПУСК металу, тэрмічная апрацоўка загартаваных сплаваў (пераважна сталей) для памяншэння іх крохкасці і павышэння пластычнасці. Заключаецца ў нагрэве металу да пэўнай т-ры, вытрымцы пры гэтай т-ры і наступным ахаладжэнні (у паветры або вадзе) з зададзенай скорасцю. Водпуск каляровых сплаваў звычайна наз. штучным старэннем.

Адрозніваюць водпуск нізкі (120—250 °C, выкарыстоўваецца для зняцця ўнутр. напружанняў у вырабах з інстр. вугляродзістай і нізкалегіраванай сталі), сярэдні (250—450 °C, для апрацоўкі спружынных і рысорных сталей) і высокі (450—650 °C, для апрацоўкі дэталей канструкцый і машын з канструкцыйных сталей). Загартоўка з наступным высокім водпускам наз. паляпшэннем. Выбар рэжыму водпуску вызначаецца патрэбным найлепшым спалучэннем трываласці, цвёрдасці і пластычнасці вырабу.

т. 4, с. 253

ВО́ДПУСК ПА ЦЯЖА́РНАСЦІ І РО́ДАХ,

водпуск, які даецца жанчынам — работніцам, служачым, калгасніцам, студэнткам — у сувязі з цяжарнасцю і родамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь водпуск па цяжарнасці і родах даецца на 70 каляндарных дзён да родаў і 56 (у выпадках ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 70) каляндарных дзён пасля родаў, з выплатай за гэты перыяд дапамогі па дзярж. сац. страхаванні. Водпуск вылічваецца сумарна і даецца жанчыне поўнасцю, незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў. Перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго жанчыне, па яе заяве, даецца штогадовы водпуск незалежна ад стажу работы ў дадзенага наймальніка, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзярж. дапамогі, памер і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам. У выпадку неабходнасці наймальнік можа выдаваць цяжарным жанчынам пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку бясплатна або на льготных умовах, а таксама аказваць ім матэрыяльную дапамогу. Для жанчын названых катэгорый заканадаўствам прадугледжаны і іншыя перавагі і прававыя гарантыі.

т. 4, с. 254

ВО́ДРУБ,

адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сял. сям’і ў Рас. імперыі. Узніклі водрубы ў 1907—16 у выніку сталыпінскай аграрнай рэформы побач з хутарамі. У адрозненне ад хутара селянін не пераносіў сядзібу на свой участак, а заставаўся ў вёсцы. На Беларусі водрубы былі найбольш пашыраны ў Віцебскай і Магілёўскай губернях.

т. 4, с. 254

ВО́ДЫ СУ́ШЫ,

воды рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, ледавікоў, глеб, а таксама падземныя воды ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. Прэсныя воды сушы — асн. крыніца водных рэсурсаў. З агульных запасаў вод у гідрасферы Зямлі 48,6 млн. км³ (3,5%) адносяцца да вод сушы, у т. л. 35 млн. км³ (або 2,5% усіх вод Зямлі) прэсныя. Найб. аб’ём прэсных вод знаходзіцца ў ледавіках і вечных снягах — каля 24 млн. км³ (1,7%), у падземных водах іх каля 11 млн. км³ (0,8%, разам з мінералізаванымі і расоламі каля 24 млн. км³), у глебе, вадаёмах, вадацёках, балотах, жывых арганізмах каля 1,4 млн. км³ (менш як 0,1%). На Беларусі воды сушы назапашаны ў рачной сетцы, азёрах і вадасховішчах, слоі глебы і ў падземных ваданосных гарызонтах.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы Земли. Л., 1974.

В.В.Дрозд.

т. 4, с. 254