ВАЛАСЫ́ ВЕРАНІ́КІ
(лац. Corna Berenices),
невялікае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 50 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. Простым вокам назіраецца зорнае скопішча, магутныя тэлескопы выяўляюць пазагалактычныя туманнасці (галактыкі). У сузор’і Валасы Веранікі размешчаны Паўн. полюс Галактыкі. На тэр. Беларусі відаць зімой, вясной і летам. Гл. Зорнае неба.
т. 3, с. 474
ВАЛАСЫ́ ПЕ́ЛЕ
(ад імя Пеле — багіні агню ў стараж. гавайцаў),
тонкія бурыя ніткі вулканічнага шкла, якія ўтвараюцца ў выніку ўздзеяння моцных патокаў газаў і вятроў на фантаны вельмі вадкай лавы. Характэрныя для вывяржэнняў вулканаў на Гавайскіх а-вах. Назіраліся пры вывяржэннях Талбачынскай сопкі на Камчатцы.
т. 3, с. 474
ВАЛАСЯ́НКІ
(Sylvia),
род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 17 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках, у садах, парках, на лугах, у хмызняку. На Беларусі 5 пералётных відаў: валасянка завірушка (S. curruca), валасянка садовая (S. borin), валасянка чорнагаловая (S. atricapilla), валасянка шэрая (S. communis), валасянка ястрабіная (S. nisoria).
Даўж. цела 12—15 см. Апярэнне шэрае з белым, чорным або рыжаватым адценнем, мяккае. Дзюба тонкая, шылападобная. Гнёзды рыхлыя, шара- або чашападобныя на кустах, дрэўцах, сярод высокай травяністай расліннасці. Некаторыя высцілаюць гнёзды воласам (адсюль назва). Нясуць 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і вусенямі, ягадамі. Некаторыя віды вядомыя сваімі спевамі (напр., валасянка чорнагаловая і валасянка садовая). Зімуюць у паўд.-зах. ч. Еўразіі і Афрыцы.
т. 3, с. 474
ВАЛАТО́Н
(Vallotton) Фелікс (28.12.1865, г. Лазана, Швейцарыя — 29.12.1925),
швейцарскі графік і жывапісец. Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (з 1882). Працаваў у Францыі. Зазнаў уплыў М.Дэні, П.Банара. Аўтар графічных партрэтаў («Дастаеўскі», 1895) і серыі з жыцця Парыжа («Гісторыя аднаго злачынства», «Інтымнасць»), выкананых пераважна ў тэхніцы ксілаграфіі, выразнасць якіх будуецца на спалучэнні лаканічных белых і чорных плям. Яго жывапісу ўласцівы дэкаратыўнасць кампазіцыі, лінейнасць малюнка, мяккасць колеравага тону («Купанне летнім вечарам», 1892; «Пейзаж з дрэвамі», 1911).
т. 3, с. 474
«ВАЛАТО́ЎКА»,
помнік прыроды, камавы ўзгорак на Беларусі, каля паўн.-зах. ускраіны в. Свяціца Полацкага р-на Віцебскай вобл., недалёка ад воз. Янова. У плане круглаватай формы, дыям. каля 100 м, узвышаецца над нізінай на 20 м. Складзены з водна-ледавіковых адкладаў: пяску, жвіру, гліны. Утварыўся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення (каля 16 тыс. г. назад). «валатоўка» з даўніх часоў — месца святкавання Купалля. Мела сувязь са стараж. каменнай абсерваторыяй «Янова» (захавалася) на паўд.-зах. беразе возера, з якой назіралі за «валатоўкай»: калі сонца пры захадзе датыкалася да вяршыні ўзгорка, наступала самая кароткая ноч года (купальская).
т. 3, с. 475
ВАЛАТО́ЎСКІ Ігар Дзмітрыевіч
(н. 25.10.1939, Мінск),
бел. біяфізік. Акад. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-р біял. н. (1979), праф. (1989). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1964 у Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі (з 1985 дырэктар), адначасова з 1988 у БДУ. Навук. працы па вывучэнні структурна-мембранавых механізмаў рэгуляцыі фотабіял. і рэцэгітарных рэакцый, ролі іонаў кальцыю ў механізмах фотатрансдукцыі жывёльных і раслінных сістэм.
Тв.:
Введение в молекулярную фотобиологию. Мн, 1971 (разам з С.В.Коневым);
Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979 (з ім жа);
Структурная динамика фоторецепторного аппарата. Мн., 1986 (з ім жа);
Транспорт ионов в фоторецепторной клетке. Мн., 1990 (разам з У.І.Хаўратовічам, Л.А.Баранавай);
Фитохром — регуляторный фоторецептор растений. Мн., 1992.
т. 3, с. 475
ВАЛАТО́ЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч, бел. краязнавец і этнограф 2-й пал. 19 ст. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1857), працаваў у ёй настаўнікам. Доўгі час жыў на Палессі, вывучаў яго гісторыю, заняткі, побыт і культуру насельніцтва. У 17 нарысах, апублікаваных у пецярбургскай газ. «Русский мир» (1875), выклаў уражанні і назіранні, акрэсліваў межы бел.-ўкр. Палесся, адзначаў захаванне перажыткаў язычніцтва. 6 нарысаў прысвяціў пашырэнню каталіцызму на Бел. Палессі, апісаў антыезуіцкія паўстанні ў Мазыры (1581), Янаве (1657). Перадрукі асобных нарысаў зроблены ў пецярб. час. «Нива».
Тв.:
Полесские свята: Из очерков Полесья // Нива. 1880. № 29, 30;
Полесские будан І І Там жа. 1881. № 2;
Полесская поганьщина // Там жа. № 27.
В.К.Бандарчык.
т. 3, с. 475
ВАЛА́ЎСК,
вёска ў Беларусі, у Ельскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПдЗ ад г. Ельск, 213 км ад Гомеля, 23 км ад чыг. ст. Славечна, на аўтадарозе Лельчыцы—Славечна. 828 ж., 319 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 3, с. 475
ВА́ЛАХ
(Wallach) Ота (27.3.1847, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, — 26.2.1931),
нямецкі хімік-арганік. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1869). З 1870 у Бонскім ун-це (з 1876 праф.), з 1889 у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па хіміі тэрпенаў. Адкрыў ліманэн, феландрэн, фенхан, тэрпіпален і інш., указаў на іх генетычную сувязь з ізапрэнам (1891), рэакцыю аднаўляльнага амініравання альдэгідаў і кетонаў сумессю першасных і другасных амінаў з мурашынай кіслатой (1909). Нобелеўская прэмія 1910.
т. 3, с. 475