род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 17 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках, у садах, парках, на лугах, у хмызняку. На Беларусі 5 пералётных відаў: валасянка завірушка (S. curruca), валасянка садовая (S. borin), валасянка чорнагаловая (S. atricapilla), валасянка шэрая (S. communis), валасянка ястрабіная (S. nisoria).
Даўж. цела 12—15 см. Апярэнне шэрае з белым, чорным або рыжаватым адценнем, мяккае. Дзюба тонкая, шылападобная. Гнёзды рыхлыя, шара- або чашападобныя на кустах, дрэўцах, сярод высокай травяністай расліннасці. Некаторыя высцілаюць гнёзды воласам (адсюль назва). Нясуць 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і вусенямі, ягадамі. Некаторыя віды вядомыя сваімі спевамі (напр., валасянка чорнагаловая і валасянка садовая). Зімуюць у паўд.-зах.ч. Еўразіі і Афрыцы.
Валасянкі: 1 — шэрая (а — самец, б — самка); 2 — завірушка (самец); 3 — чорнагаловая (а — самец, б — самка); 4 — садовая; 5 — ястрабіная.