Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІКЕЛУ́ЧЫ ((Michelucci) Джавані) (2.1.1891, г. Пістоя, Італія — 1990),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Фларэнцыі. Праф. ун-таў у Фларэнцыі (1932—48) і Балонні (з 1948). З 1946 дырэктар час. «La Nuova Cittá» («Новы горад»). У 1930—50-я г. прыхільнік рацыяналізму, пазней эвалюцыяніраваў да арганічнай архітэктуры. Арганічна спалучаў смелыя паводле канструкцыі сучасныя збудаванні з гіст. забудовай (цэнтр. вакзал у Фларэнцыі, 1930—36, з арх. Н.Бароні і інш.; таварная біржа ў Пістоі, 1949—50), складаныя кампазіцыйныя вырашэнні лаканічныя, пластычна выразныя (царква Сан-Джавані на Вія дэль Соль каля Фларэнцыі, 1964).

т. 10, с. 355

МІКЕ́НАС ((Mikėnas) Юозас) (12.2.1901, Скардупіс, Латвія — 24.10.1964),

літоўскі скульптар; заснавальнік сучаснай літ.. скульптуры. Чл.-кар. АМ СССР (1955). Нар. маст. Літвы (1960). Нар. маст. СССР (1961). Скончыў Каўнаскую маст. школу (1926). У 1926—31 вучыўся ў прыватных студыях і маст. ВНУ Парыжа. У 1932—34 удзельнік групы «Арс». З 1931 выкладаў у Каўнаскай, з 1940 у Вільнюскай маст. школах, з 1941 у вільнюскай маст. акадэміі, з 1945 маст. ін-це, у Каўнаскім ін-це прыкладнога і дэкар. мастацтва, Маст. ін-це Літвы (з 1946 праф.). Творам характэрны арыгінальнае спалучэнне традыцый прафес. і нар. літ. скульптуры, лірызм, манументальнасць форм, выразны сілуэт. Аўтар партрэтаў А.Гудайціса (1934), скульпт. кампазіцый «Хлопчык з голубам» (1935), рэльефаў «Маці» (1935), «Жанчына з граблямі» (1936), помнікаў «Перамога» ў Калінінградзе (1945—46), М.Мельнікайтэ ў г. Зарасай (1947), П.Цвірку ў Вільнюсе (1959), статуі «Літва» для павільёна Літвы на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1939), манум. твораў «Мір» (1960), «Першыя ластаўкі» (1964), скульптур «Танец» (1946), «Юная піяністка» (1958), мазаік «Галава юнака» (1931), «Рабочы» (1934), ілюстрацый да кніг. Дзярж. прэмія СССР 1947. Дзярж. прэмія Літвы 1966. Іл. гл. таксама да арт. Літва.

Літ.:

Юозас Микенас: [Альбом]. М., 1983.

Ю.Мікенас. Скульптурная група помніка «Перамога» ў Калінінградзе. 1945—46.

т. 10, с. 355

МІКЕ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

гл. Крытамікенская культура.

т. 10, с. 355

МІКЕ́НЫ (Mykēnai),

старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (п-аў Пелапанес), буйны цэнтр Крыта-мікенскай культуры ў эпоху бронзы. Заселены ў пач. 3-га тыс. да н.э. З 17 ст. да н.э. сталіца адной з дзяржаў ахейцаў. У 14—12 ст. да н.э. дасягнулі эканам. і паліт. росквіту, пашырылі свой уплыў на ўвесь Пелапанес, авалодалі Кносам, замацавалі сувязі з Егіптам, хецкай дзяржавай, Кіпрам, Сірыяй. У канцы 12 ст. да н.э. разбураны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. невял. паселішча, якое ў 468 да н.э. заваявалі і зруйнавалі аргосцы.

У выніку раскопак (пачаты ў 1874—76 Г.Шліманам) адкрыты: шахтавыя грабніцы з багатым пахавальным інвентаром (17—16 ст. да н.э.), цыклапічныя сцены крэпасці з т. зв. Львінымі варотамі, палац з прапілеямі, лесвіцамі, дваром, гасп. і жылымі памяшканням, аздобленымі фрэскамі, статуямі і інш., жылыя дамы (усё 14—13 ст. да н.э.), зернесховішча (12 ст. да н.э.) і інш. У ніжнім горадзе выяўлены жылыя дамы, цыстэрны, толасы (14—13 ст. да н.э.).

Літ.:

Бартонек А Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.

Да арт. Мікены. Ільвіныя вароты. 14—13 ст. да н.э.

т. 10, с. 355

Мікешын Міхаіл Восіпавіч

т. 18, кн. 1, с. 428

МІКІ́ТА (Віктар Васілевіч) (н. 25.4.1955, г. Гродна),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). У 1981—86 выкладаў у ім. Працуе пераважна ў станковай (творы па матывах паэм Я.Купалы «Курган», «Адвечная песня», 1982; серыі паводле зб. У.Караткевіча «Мая Іліяда», 1983; «Гродна — горад мой старажытны...», 1988 і інш.) і кніжнай (іл. да кніг «Мудрыя дарадцы», 1983; «Жывая вада», 1985, «Палескія легенды», 1986, А.Грачанікава; «Санеты і трагедыі» У.Шэкспіра, 1989; «Скарына на Градчанах» А.Лойкі, 1990; «Чортаў скарб» У.Караткевіча, 1995; да серыі «Французскія народныя казкі», 1997) графіцы, а таксама ў жывапісе («Падзенне Ікара», 1993; «Горад мой старажытны», 1995; «Легенда Свіцязі», «Край мой родны», абодва 1999, і інш.) і камбінаванай тэхніцы («Зніклыя цывілізацыі», 1994; «Графіка мора», «Графіка лесу», «Бацькаў кошык», усе 1999). Работы М. адметныя метафарычнасцю, сімволіка-алегарычнымі матывамі, асацыятыўнасцю.

В.Мікіта. Ілюстрацыя да кнігі А.Лойкі «Скарына на Градчанах». 1990.

т. 10, с. 356

«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

МІКІТЭ́НКА (Іван Кандратавіч) (6.9.1897, с. Роўнае Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.10.1937),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі мед. ін-т (1927). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Дэбютаваў вершамі ў 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «На сонечных гонях» (1926), аповесцей «Браты» (1927), «Вуркаганы» (1928), незакончанага рамана «Ранак» (1933). Драм. творы прасякнуты гуманізмам, вызначаюцца спалучэннем лірыкі, патэтыкі і сатыры: п’есы «Дыктатура» (1930, паст. БДТ-3 1930), «Справа гонару» (1931), «Бастылія божай маці» (1934), лірычная камедыя «Дзяўчаты нашай краіны» (1933, паст. БДТ-3 1934), сатыр. камедыя «Сола на флейце» (1935), «Калі ўзыходзіла сонца» (1937, апубл. 1962) і інш. Літ. крытык, публіцыст (кнігі «Галубы міру», 1929; «Трынаццатая вясна», 1930). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.Каваль, В.Сташэўскі.

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ. 1982—83;

Бел. пер. — Вуркаганы. Мн., 1932;

Рус. пер. — Светите, звезды!: (Сб. пьес). М., 1971.

В.А.Чабаненка.

т. 10, с. 356

МІКІ́ЦІХА,

вёска ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Віцебск—Полацк. Цэнтр Лаўжанскага с/с і саўгаса. За 10 км на 3 ад г.п. Шуміліна, 55 км ад Віцебска, 1,5 км ад чыг. ст. Лоўжа. 1028 ж., 380 двароў (1999). Цагельны з-д, мясаперапрацоўчы цэх. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Успенская царква (канец 19 ст.).

т. 10, с. 356

МІ́КЛАШЫЧ (Miklošič, Miklosich) Франьё (Франц; 20.11.1813, Радамершчак, каля г. Лютамер, Славенія — 7.3.1891), славенскі і аўстрыйскі мовазнавец. Заснавальнік слав. параўнальна-гіст. мовазнаўства. Акад. Венскай (з 1851), чл.кар. Пецярбургскай (з 1856) АН. Скончыў ун-т у Грацы (Аўстрыя). У 1850—86 праф. Венскага ун-та. Даследаваў лексіку і граматыку слав. моў, узаемадзеянне слав. моў з алб., венг., рум. і інш., вывучаў слав. анамастыку і тапаніміку, л-ру і эпас. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—4, 1852—75), «Утварэнне славянскіх імён» (1860), «Цюркскія элементы ў паўднёва-ўсходніх і ўсходнееўрапейскіх мовах» (1884—90). Склаў «Слоўнік стараславянскай мовы», 1850; 2-е выд. 1862—65), «Этымалагічны слоўнік славянскіх моў» (1886). Выдаў стараж.-слав. пісьмовыя помнікі, у т.л. «Супраслъскі рукапіс», «Шышатаўскі апостал» (1853), «Хроніку Нестара» (1860), крыніцы па гісторыі славян («Monumenta serbica», 1858). У працах паслядоўна ўключаў бел. моўны матэрыял, хоць памылкова аб’ядноўваў бел. і ўкр. мовы як дыялекты адной мовы.

т. 10, с. 356