МІ́КЛАШЫЧ (Miklošič, Miklosich) Франьё (Франц; 20.11.1813, Радамершчак, каля г. Лютамер, Славенія — 7.3.1891), славенскі і аўстрыйскі мовазнавец. Заснавальнік слав. параўнальна-гіст. мовазнаўства. Акад. Венскай (з 1851), чл.кар. Пецярбургскай (з 1856) АН. Скончыў ун-т у Грацы (Аўстрыя). У 1850—86 праф. Венскага ун-та. Даследаваў лексіку і граматыку слав. моў, узаемадзеянне слав. моў з алб., венг., рум. і інш., вывучаў слав. анамастыку і тапаніміку, л-ру і эпас. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—4, 1852—75), «Утварэнне славянскіх імён» (1860), «Цюркскія элементы ў паўднёва-ўсходніх і ўсходнееўрапейскіх мовах» (1884—90). Склаў «Слоўнік стараславянскай мовы», 1850; 2-е выд. 1862—65), «Этымалагічны слоўнік славянскіх моў» (1886). Выдаў стараж.-слав. пісьмовыя помнікі, у т.л. «Супраслъскі рукапіс», «Шышатаўскі апостал» (1853), «Хроніку Нестара» (1860), крыніцы па гісторыі славян («Monumenta serbica», 1858). У працах паслядоўна ўключаў бел. моўны матэрыял, хоць памылкова аб’ядноўваў бел. і ўкр. мовы як дыялекты адной мовы.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)