«МІКІ́ТА»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.
т. 10, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)