Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́КУУМ-ФАРМАВА́ННЕ , спосаб атрымання вырабаў з ліставых тэрмапластаў з дапамогай вакууму. Ліст герметычна замацоўваюць па контуры формы, награюць да т-ры размякчэння і ствараюць вакуумнай помпай разрэджванне (50—85 кПа) паміж лістом і паверхняй формы. Выраб афармляецца ў выніку выцяжкі ліста і фіксуецца пры ахаладжэнні ў форме. Вакуум-фармаваннем вырабляюць дэталі аўтамабіляў, халадзільнікаў, карпусы прылад, сан.-тэхн. арматуру, дэкар. панэлі, шкло для гадзіннікаў, тару, шкляць самалёты. Свабодным (без формы) Вакуум-фармаваннем атрымліваюць аптычна празрыстыя вырабы (каўпакі самалётных кабін і інш.).

т. 3, с. 466

ВА́КУУМ-ФІ́ЛЬТР,

прылада для фільтравання, дзеянне якой заснавана на стварэнні вакуумнай помпай рознасці ціскаў па абодва бакі фільтравальнага матэрыялу. Бываюць перыядычнага і безупыннага дзеяння. Выкарыстоўваюцца для раздзялення суспензій, якія маюць цвёрдыя часціцы ва ўзважаным стане, прапампоўваннем іх праз тканіну, сетку, керамічныя пліткі. Пашыраны ў хім. прам-сці, металургіі (пры абагачэнні карысных выкапняў) і інш.

т. 3, с. 466

ВАКФ,

вакуф (араб. літар. ўтрыманне), паводле мусульманскага права, маёмасць (рухомая і нерухомая), якая перадаецца дзяржавай або прыватнай асобай на рэліг. ці дабрачынныя мэты. Узнік у 7—8 ст. у Халіфаце, пазней пашырыўся на ўсе мусульм. краіны, стаў эканам. асновай мусульм. духавенства. Захаваўся ў Саудаўскай Аравіі і некаторых інш. краінах мусульм. Усходу.

т. 3, с. 467

ВАКХ,

Бахус, у антычнай міфалогіі адно з імён бога вінаградарства і вінаробства Дыяніса.

т. 3, с. 467

ВАКХАНА́ЛІІ,

у Старажытным Рыме святкаванні, містэрыі ў гонар Дыяніса (Вакха). Першапачаткова да ўдзелу ў вакханаліях дапускаліся толькі жанчыны, пазней і мужчыны. З 2 ст. да н.э. набылі характар оргій. У 186 да н.э. на вакханаліі сенацкім указам накладзены абмежаванні. У пераносным сэнсе вакханаліі — дзікі разгул, оргія.

т. 3, с. 467

ВАКХІЛІ́Д,

Бакхілід (Bakchylidës), старажытнагрэчаскі паэт 5 ст. да н.э. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў харавой мелікі (лірыкі). Родам з в-ва Кеас, таму атрымаў імя В.Кеоскі. Пляменнік і вучань вядомага харавога паэта Сіманіда Кеоскага. Пісаў эпінікіі — гімны ў гонар пераможцаў агульнагрэч. гімнастычных спаборніцтваў (Алімпійскіх, Піфійскіх, Немейскіх, Істмійскіх гульняў). Яго стыль адрозніваецца ад складанага, цьмяна-метафарычнага, асацыятыўнага стылю Піндара выразнасцю, лёгкасцю, празрыстасцю, павольнасцю ў разгортванні тэмы. Дзякуючы вял. эпічным фрагментам міфаў, уключаным у лірычны тэкст, дыфірамбы Вакхіліда нагадваюць балады. Адзін з іх («Тэсей»), пабудаваны ў форме вершаванага дыялога, дае яскравае ўяўленне пра вытокі грэч. Трагедыі. У 1896 знойдзены фрагменты 14 эпінікіяў і 6 дыфірамбаў Вакхіліда.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Пиндар. Вакхилид. Оды. Фрагменты. М., 1980.

Літ.:

Тронский И.М. Хоровая лирика // Тронский М.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 467

ВАКЦЫНАПРАФІЛА́КТЫКА,

метад прафілактыкі інфекц. і паразітарных хвароб з дапамогай вакцын, якія выпрацоўваюць супрацьінфекц. імунітэт; мера папярэджання распаўсюджвання інфекц. хвароб.

Планавая абавязковая вакцынапрафілактыка прадугледжана супраць дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, адру, коклюшу, туберкулёзу (у некат. краінах супраць краснухі і віруснага паратыту). Робяць яе ў вызначаныя тэрміны. Па эпідэміял. паказчыках праводзяць пры пагрозе ўзнікнення і пашырэння інфекц. захворвання на пэўнай тэрыторыі. Пры многіх хваробах (чума, халера, тулярэмія, бруцэлёз, лептаспірозы, сібірская язва, грып, гепатыт B, шаленства і інш.) робяцца вакцынапрафілактыкі планавыя і па эпідэміял. паказчыках. Імунітэт цягнецца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Каб яго падоўжыць, вакцыны ўводзяцца паўторна. Супрацьпаказанні: прыроджаныя і набытыя імунадэфіцыты, вострыя інфекц. і неінфекц. захворванні, абвастрэнні хранічных хвароб, злаякасныя пухліны, алергічныя і гематалагічныя хваробы, пашкоджанні печані, нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы.

А.П.Красільнікаў.

т. 3, с. 467

ВАКЦЫНАТЭРАПІ́Я,

выкарыстанне вакцыны з лячэбнай мэтай. Ужываюць пры хранічных ці востра-хранічных інфекц. захворваннях для стымуляцыі дзейнасці імуннай сістэмы па выдаленні або знішчэнні ўзбуджальніка.

т. 3, с. 467

ВАКЦЫ́НЫ,

група імунапрэпаратаў з мікраарганізмаў, што выкарыстоўваюцца для стварэння актыўнага спецыфічнага набытага імунітэту людзей і жывёл з мэтай прафілактыкі і лячэння інфекц. і паразітарных хвароб. Уводзяць вакцыны (вакцынацыя, імунізацыя, прышчэпкі) праз рот, дыхальныя шляхі, на скуру, пад скуру, у мышцы і інш. Упершыню вакцыны выкарыстаў у 1796 англ. ўрач Э.Джэнер, які прышчэпліваў людзям для папярэджання ад захворвання натуральнай воспай воспу каровы (адсюль назва).

Адрозніваюць вакцыны інактываваныя карпускулярныя, жывыя карпускулярныя, хім. і анатаксіны. Інактываваныя вакцыны рыхтуюць з мікраарганізмаў, забітых фіз. (награванне) і хім. метадамі, жывыя вакцыны — са спецыяльна аслабленых культур мікраарганізмаў, якія не здольны выклікаць захворванне, але могуць фарміраваць імунітэт. Хім. вакцыны — рэчывы, вылучаныя з бактэрыяльных клетак, маюць асн. кампаненты, якія ствараюць імунітэт. Вакцыны могуць быць прыгатаваны з узбуджальнікаў адной інфекцыі — монавакцыны або ў выніку камбінацыі двух і болей узбуджальнікаў (асацыіраваныя вакцыны). Прынцып прыгатавання і класіфікацыя вакцын супраць хвароб жывёл не адрозніваюцца ад медыцынскіх. Вакцыны выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння больш як 20 інфекц. хвароб жывёл.

А.П.Красільнікаў.

т. 3, с. 467