ВАКХІЛІ́Д,
Бакхілід (Bakchylidës), старажытнагрэчаскі паэт 5 ст. да н.э. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў харавой мелікі (лірыкі). Родам з в-ва Кеас, таму атрымаў імя В.Кеоскі. Пляменнік і вучань вядомага харавога паэта Сіманіда Кеоскага. Пісаў эпінікіі — гімны ў гонар пераможцаў агульнагрэч. гімнастычных спаборніцтваў (Алімпійскіх, Піфійскіх, Немейскіх, Істмійскіх гульняў). Яго стыль адрозніваецца ад складанага, цьмяна-метафарычнага, асацыятыўнага стылю Піндара выразнасцю, лёгкасцю, празрыстасцю, павольнасцю ў разгортванні тэмы. Дзякуючы вял. эпічным фрагментам міфаў, уключаным у лірычны тэкст, дыфірамбы Вакхіліда нагадваюць балады. Адзін з іх («Тэсей»), пабудаваны ў форме вершаванага дыялога, дае яскравае ўяўленне пра вытокі грэч. Трагедыі. У 1896 знойдзены фрагменты 14 эпінікіяў і 6 дыфірамбаў Вакхіліда.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Пиндар. Вакхилид. Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Тронский И.М. Хоровая лирика // Тронский М.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)