ВАДЗЯНА́Я ПА́РА ў атмасферы, вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл. Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.
т. 3, с. 436
ВАДЗЯНІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).
М.Ф.Піліпенка.
т. 3, с. 436
ВАДЗЯ́НКА,
лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш. артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.
А.У.Руцкі.
т. 3, с. 436