ВАДЗЯ́НКА,

лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).

Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш. артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.

А.У.Руцкі.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)