АЎЛАКО́МНІУМ
(Aulacomnium),
род брыевых імхоў сям. аўлакомніевых. Вядома 9 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды. На балотах, забалочаных лугах і лясах расце аўлакомніум балотны (Aulacomnium palustre). Пагаршае якасць лугоў. Торфаўтваральнік. Радзей, пераважна на гнілой драўніне ў вільготных лясах, трапляецца аўлакомніум двухполы (Aulacomnium androgynum).
Аўлакомніум балотны — двухдомная расліна. Утварае зялёныя або жоўта-зялёныя густалямцаватыя дзярнінкі. Сцёблы выш. Да 10—15 см, простыя або галінастыя. Лісце даўж. да 3 мм, падоўжана-ланцэтнае. Каробачка падоўжана-яйцападобная, гарбатая, нахіленая, на жоўта-чырвонай ножцы. Спараносіць летам. Вегетатыўнае размнажэнне лістападобнымі вывадкавымі цельцамі, сабранымі ў шарападобныя галоўкі на доўгіх ножках. У аўлакомніума двухполага вывадкавыя цельцы верацёнападобныя. Г.Ф.Рыкоўскі.
т. 2, с. 86
АЎЛАСЕ́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч
(н. 20.6.1938, в. Станіславова Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1970), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1989). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1962) і працуе ў ім, з 1994 рэктар. Даследуе праблемы сучасных бел. і рус. літ. моў: «Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове» (1970), «Марфемны склад слова і словаўтварэнне» (2-е выд., 1991) і інш.
т. 2, с. 86
А́ЎРА
(ад грэч. aura веянне, подых ветрыку),
1) стан, які папярэднічае прыступам эпілепсіі, істэрыі і да т.п.
2) Паводле акультных, парапсіхалагічных уяўленняў сукупнасць энергетычных выпрамяненняў, якія ўтвараюць біяполе чалавека. У пераносным сэнсе — настрой, клімат, атмасфера, што пануюць у якім-н. Асяроддзі.
т. 2, с. 87
АЎРА́Л
(ад англ. over all наверх усе),
1) работа на караблі (судне), якая выконваецца адначасова ўсім асабовым складам або большай яго часткай. Асабовы склад выклікаецца спец. сігналам і камандай «усе наверх».
2) У пераносным значэнні — празмерна спешная работа ўсяго калектыву, выкліканая адсутнасцю планамернай працы.
т. 2, с. 87
АЎРА́МЕНКА Павел Самуілавіч
(н. 1.5.1929, в. Барысаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1979), праф. (1981). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1961). У 1967—89 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (у 1969—89 нам. дырэктара). У 1990—94 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па фізіялогіі, кармленні с.-г. жывёлы і тэхналогіі кармоў.
Тв.:
Производство силосованных кормов. Мн., 1984 (разам з Л.М.Паставалавай);
Перспективные технологии заготовки травянистых кормов. Мн., 1990 (у сааўт.);
Справочник по приготовлению, хранению и использованию кормов 2 изд. Мн., 1993 (у сааўт.).
т. 2, с. 87
АЎРА́МКАЎ Пракоп Іванавіч (16.10.1923, в. Пакроўка Родзінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 23.1.1944, Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. На пач. Вял. Айч. вайны добраахвотнікам пайшоў у армію. На фронце з ліст. 1941, удзельнік абароны Масквы, ваяваў на Паўн.-Зах. фронце. 22.1.1944 камандзір стралк. аддзялення сяржант Аўрамкаў у баі каля в. Амшары Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобласці закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На яго радзіме пастаўлены бюст.
т. 2, с. 87
АЎРА́МКІ ЛЕ́ТАПІС,
летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове больш стараж. рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).
Літ.: Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.
В.А.Чамярыцкі.
т. 2, с. 87
АЎРА́МЧЫК Мікола
(Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, М.Джаліля, Г.Эміна, паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;
Агледзіны. Мн., 1969;
Анкета. Мн., 1990.
Літ.:
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;
Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.
І.У. Саламевіч.
т. 2, с. 87
АЎРА́Н
(Gratiola),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах абодвух паўшар’яў, у горных сістэмах тропікаў. На Беларусі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах, па заліўных лугах, забалочаных месцах, берагах рэк і вадаёмаў расце аўран лекавы (Gratiola officinalis). Культывуецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовая карэнішчавая травяністая расліна. Сцябло прыўзнятае або прамастойнае, выш. 10—40 см. Лісце сядзячае, процілеглае, лінейна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі двухполыя, белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках у пазухах лісця. Плод — 2-гнездавая шматнасенная каробачка. Ядавітая і лек. расліна (слабіцельны, ірвотны, мачагонны сродак), мае гліказіды, сапаніны, алкалоіды.
т. 2, с. 87
АЎРАНГЗЕ́Б
(1618—1707),
апошні сапраўдны правіцель Мангольскай імперыі [1658—1707]. Сын Вял. Магола Шах-Джахана. У 1636—44 і 1652—57 быў намеснікам Дэкана. У барацьбе за трон 1658—59 забіў сваіх братоў-сапернікаў, арыштаваў бацьку. Завяршыў заваяванне Дэкана і Паўд. Індыі. Адзнака палітыкі Аўрангзеба — мусульм. нецярпімасць. Прыгнятаў індусаў. У часы яго праўлення ў Індыі ўмацаваліся еўрап. гандл. Кампаніі.
т. 2, с. 87