АЎРА́Н
(Gratiola),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах абодвух паўшар’яў, у горных сістэмах тропікаў. На Беларусі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах, па заліўных лугах, забалочаных месцах, берагах рэк і вадаёмаў расце аўран лекавы (Gratiola officinalis). Культывуецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовая карэнішчавая травяністая расліна. Сцябло прыўзнятае або прамастойнае, выш. 10—40 см. Лісце сядзячае, процілеглае, лінейна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі двухполыя, белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках у пазухах лісця. Плод — 2-гнездавая шматнасенная каробачка. Ядавітая і лек. расліна (слабіцельны, ірвотны, мачагонны сродак), мае гліказіды, сапаніны, алкалоіды.
т. 2, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)