АЙ-ПЕ́ТРЫ,
вяршыня Галоўнай грады Крымскіх гор, у масіве Ай-Петрынская Яйла Украіны. Стромка абрываецца да ўзбярэжжа Чорнага м. ў раёне Алупкі. Выш. да 1233 м. Складзена пераважна з вапнякоў. З А.-П. адкрываецца панарама б. ч. Паўд. берага Крыма.
т. 1, с. 176
АЙ-ТАДО́Р,
мыс на Паўд. беразе Крыма, на Украіне, за 8,5 км на ПдЗ ад Ялты. Замыкае з З Ялцінскую бухту. Выш. каля 90 м. Вапняковае адгор’е г. Магабі, якое падае да Чорнага м. стромкімі абрывамі. На адным з іх замак «Ластаўчына гняздо» (канец 19 ст.). Рэшткі рымскага лагера Харакс (1—3 ст. н.э.).
т. 1, с. 176
АЙ ЦЫН
(сапр. Цзян Хайчэн; н. 27.3.1910, павет Цзіньхуа правінцыі Чжэцзян, Кітай),
кітайскі паэт. Першы зб. «Да Яньхэ» (1936). У зб-ках «Поўнач» (1939), «Вестка пра золак» (1943), «Ён памёр другі раз» (1946) і паэмах «Да сонца» (1938), «Факел» (1940) стварыў трагічны, з элементамі рамантызму, мастацкі свет, у якім супрацьстаяць сілы святла і цемры, праўды і хлусні. У ходзе кампаніі па барацьбе з іншадумствам (1957) аб’яўлены «правым элементам» і 16 гадоў знаходзіўся ў ссылцы. У 1978 вярнуўся да літ. і грамадскай дзейнасці. Выдаў зб-кі «Песня вяртання» (1980, роздум над гісторыяй чалавецтва і сваёй радзімы), «Лістапад» (1982), «Зарубежныя вершы» (1983), «Кароткія вершы» (1984), аўтабіягр. нарыс «Маё творчае жыццё» (1983). Яго лірыка адметная высокай грамадзянскасцю, філас. накіраванасцю, гуманізмам; выкарыстоўваў напеўную мелодыку нар. песень, строгія памеры класічных жанраў, перавагу аддаваў беламу вершу.
Тв.:
Рус. пер. — Слово солнца: Избр. стихотворения. М., 1989.
т. 1, с. 177