Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭХНІ́ЧНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ ПРА́ЦЫ,

спецыяльныя органы прафсаюзаў, якія ажыццяўлялі нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, правіл і норм па яе ахове. З утварэннем Камітэта па інспекцыі працы пры Мін-ве працы Рэспублікі Беларусь 11.4.1997 функцыі Т.і.п. перайшлі да дзярж. інспектараў працы, якім дадзены правы правяраць на аб’ектах наймальніка выкананне заканадаўства аб працы, становішча бяспекі і гігіены працы, ажыццяўляць праверкі мін-ваў і інш. органаў дзярж. кіравання, выканаўчых і распарадчых органаў і наймальнікаў, выдаваць наймальніку і службовым асобам адпаведныя прадпісанні аб устараненні парушэнняў, накладваць на іх штрафы за парушэнне заканадаўства і да т.п.

т. 16, с. 150

ТЭХНІ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, асобныя часткі якіх выкарыстоўваюць як сыравіну для прам-сці. Крухмаланосныя культуры маюць крухмал у клубнях (бульба, батат, ямс і інш.), цукраносныя культуры — цукар у сцёблах (цукр. трыснёг, цукр. клён), караняплодах (цукр. буракі), суквеццях (цукр. і вінная пальмы). У алейных культур расл. алеі назапашваюцца ў насенні і пладах (сланечнік, арахіс, соя, клешчавіна, рапс, кунжут, гарчыца, лён алейны, какосавая і алейная пальмы, масліна, тунг), у эфіраалейных культур эфірныя алеі — у надземных частках (мята, герань, базілік), кветках (ружа эфірнаалейная, лаванда, тубероза, бэз), пладах (каляндра, аніс, фенхель), каранях і карэнішчах (ветыверыя, касач). Прадзільныя культуры маюць тэкст. валокны ў сцёблах (лён-даўгунец, джут, кенаф, каноплі), лісці (новазеландскі лён), насенні (бавоўнік), пладах (сейба). Вылучаюць таксама дубільныя расліны (скумпія, бадан, елка, лістоўніца, некат. віды дуба), каўчуканосныя расліны (гевея, гваюла), фарбавальныя расліны (марэна, вайда, сафора японская, шафран), лекавыя расліны (валяр’ян, наперстаўка, беладонна, хіннае дрэва, жэньшэнь), наркатычныя расліны (тытунь, махорка, індыйскія каноплі, мак опійны), гутаперчаносныя (эўкомія, палаквіум, паена, брызгліна), карканосныя (коркавы дуб), інш. Як Т.к. выкарыстоўваюць хмель, варсянку і інш.

т. 16, с. 151

ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С,

адзін з фактараў развіцця мат.-тэхн. базы эканомікі за кошт выкарыстання н.-д. і доследна-канструктарскіх распрацовак; гл. Навукова-тэхнічны прагрэс.

т. 16, с. 150

ТЭ́ЦІС (ад імя стараж. грэч. багіні мора Фетыды, Thetis),

старажытны акіян (сістэма вял. стараж. марскіх басейнаў) шыротнага распасцірання ад Атлантычнага да Ціхага ак. на месцы сучаснага мацерыка Еўразія. Акаймаваны на Пн і Пд участкамі стараж. платформ (Усх.-Еўрапейскай, Сібірскай, Індастанскай, Афрыкана-Аравійскай і інш.). Утвораны ў канцы дакембрыю — пач. палеазою (Палеатэціс). Асабліва быў выражаны ў мезазоі (уласна Т.) і пач. кайназою (Паратэціс) у межах Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса. У неагене на месцы Т. ўзняліся высокія хрыбты Альпійска-Гімалайскага горнага пояса. Рэліктамі Т. з’яўляюцца Міжземнае, Чорнае, Каспійскае моры, Персідскі зал. і моры Малайскага архіпелага. Тэрмін прапанаваў аўстр. геолаг Э.​Зюс у канцы 19 ст.

т. 16, с. 151

ТЭЯРДЫ́ЗМ,

рэлігійна-філасофскае вучэнне, распрацаванае П.Тэярам дэ Шардэнам.

т. 16, с. 151

ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),

французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл. Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр. Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.

Тв.:

Рус. пер. — Феномен человека. М., 1987;

Божественная среда. М., 1992.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 151