Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЭ́НДА

(Brenda),

буйное медна-малібдэнавае радовішча ў Канадзе (прав. Брыт. Калумбія). Адкрыта ў 1947, эксплуатуецца з 1969. Запасы руды больш за 128 млн. т з колькасцю медзі 0,14%, малібдэну 0,03%. Вытв-сць малібдэнавага канцэнтрату. Экспарт у краіны Еўропы, Паўд. Амерыкі, Японіі.

т. 3, с. 283

БРЭ́НДАЛЬ (Brøndal) Віга

(13.10.1887, Капенгаген — 14.12.1942),

дацкі мовазнавец. Праф. Капенгагенскага ун-та. Вывучаў з’явы субстрату ў раманскіх і германскіх мовах. Дастасоўваў да вывучэння моўных з’яў лагічныя катэгорыі. Разам з Л.Ельмслевым у 1931 заснаваў Капенгагенскі лінгвістычны гурток (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка), які стаў цэнтрам дацкага лінгвістычнага структуралізму — гласематыкі.

А.Я.Супрун.

т. 3, с. 284

БРЭ́НЕР

(Brenner),

горны перавал паміж Эцтальскімі і Цылертальскімі Альпамі (Усх. Альпы) на мяжы Аўстрыі і Італіі. Выш. 1371 м. Адзін з найбольш нізкіх і зручных перавальных шляхоў цераз Альпы. Пад Брэнерам у тунэлях праходзяць чыгунка і аўтадарога Бальцана (Італія) — Інсбрук (Аўстрыя). Адкрыты круглы год.

т. 3, с. 284

Брэнер Сідні

т. 18, кн. 1, с. 355

БРЭНТА́НА

(Brentano),

Клеменс (9.9.1778, Эрэнбрэйтштайн, каля г. Кобленц, Германія — 28.7.1842), нямецкі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік гейдэльбергскага кола рамантыкаў (гл. ў арт. Германія раздзел Літаратура). Літ. дзейнасць пачаў пад уплывам Л.Ціка. Адыход ад тэматыкі і стылю іенскіх рамантыкаў назіраецца ў рамане «Годві» (1801), камедыі «Понсе дэ Леон» (1804). Лірыка Брэнтана, заснаваная на нар. песеннай творчасці, зрабіла пераварот у ням. паэзіі, паўплывала на творчасць іншых рамантыкаў (асабліва Г.Гейнэ). Увёў у ням. паэзію тэму любоўных пакут, непадуладнага чалавеку ірацыянальнага пачуцця. Найб. вядомасць набылі вершы т.зв. рэйнскага цыкла: «Плывец у лодцы», «Вясёлыя музыканты», «Рыбак сядзеў у лодцы» і інш. Верш «Ларэлея» сам нарадзіў нар. паданне, стаў сімвалам рамант. мастацтва і натхніў многіх еўрап. паэтаў (І.Айхендорфа, Гейнэ, Ж. дэ Нерваля, Г.Апалінэра). З 1810-х г. у творчасці Брэнтана ўзмацніліся рэліг. пошукі, што адбілася ў духоўных вершах, навелах «Гісторыя сумленнага Касперла і прыгажуні Анерль», «Тры арэхі», «З летапісу вандроўнага шкаляра», у лірычнай драме «Заснаванне Прагі» (1815).

Аўтар сатыр. казак («Казка пра Гокеля і Гінкель» і інш.), оперных лібрэта. Апублікаваў зб. ням. нар. песень «Дзівосны рог хлопчыка» (1806—08, з Л.А.Арнімам). На бел. мову шэраг вершаў Брэнтана пераклаў У.Папковіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзія ням. рамантызму. Мн., 1989;

рус. пер. — Избранные стихотворения. М., 1986;

[Стихи] // Европейская поэзия XIX века. М., 1977;

Немецкая поэзия XIX века. М., 1984;

Поэзия немецких романтиков. М., 1985.

Літ.:

Балашов Н.И. Брентано и «Волшебный рог мальчика» // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3;

Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973. С. 351—395.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 284

БРЭНТА́НА (Brentano) Луё

(Людвіг Іозеф; 18.12.1844, г. Ашафенбург, Германія — 9.9.1931),

нямецкі вучоны-эканаміст, адзін з прадстаўнікоў катэдэр-сацыялізму і новай гістарычнай школы. З 1871 праф. у Вроцлаве, Страсбургу, Вене, Лейпцыгу, з 1891 у Мюнхене. Яго навук. даследаванні прысвечаны праблемам рабочага руху, эканам. і сац. палітыкі, эканам. тэорыі. Выступаў супраць вучэння К.Маркса аб прыбавачнай вартасці, класавай барацьбе. Лічыў, што капіталісты таксама зацікаўлены ў павелічэнні заработнай платы рабочых, што супярэчнасці паміж буржуазіяй і пралетарыятам можна ліквідаваць шляхам арганізацыі рэфармісцкіх прафсаюзаў, кааперацыі і фабрычнага заканадаўства. Для практычнага ажыццяўлення сац.-эканам. рэформаў разам са сваімі аднадумцамі ў 1872 стварыў «Саюз сацыяльнай палітыкі».

Тв.:

Рус. пер. — Об отношении заработной платы и рабочего времени к производительности труда. СПб., 1895;

Опыт теории потребностей. Казань, 1921;

Аграрная политика. М.; Л., 1929.

т. 3, с. 284

БРЭНЧ (Brenčs) Алаіз Алаізавіч

(н. 6.6.1929, Рыга),

латышскі рэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1986). Скончыў рэжысёрскі ф-т Латвійскай кансерваторыі (1953), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Маскве (1956). У 1954—90 працаваў на Рыжскай кінастудыі. Здымаў дакумент., з 1965 маст. фільмы: «Да восені далёка» (1965), «Калі дажджы і вятры стукаюць у акно» (1968), «24—25 не вяртаецца» (1969), «Трайная праверка» (1970), «Горад пад ліпамі» (1971), «Падарункі па тэлефоне» (1978), «Ралі» (1979), «Двайная пастка» (1989), «Ганна» (1996), а таксама тэлевізійныя шматсерыйныя — «Доўгая дарога ў дзюнах» (1980—81, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Міраж» (1983), «Сям’я Зітараў» (1986).

Л.І.Паўловіч.

т. 3, с. 284

Брэнч Міхаіл Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 355

БРЭ́РА

(Brera),

Пінакатэка Брэра, карцінная галерэя ў Мілане, адна з буйнейшых у Італіі. Засн. ў 1809. Уключае зборы твораў італьян. жывапісу 14-—19 ст., у т. л. карціны А.Ларэнцэці, А.Мантэньі, П’ера дэла Франчэскі, Джэнтыле і Джавані Беліні, Рафаэля, Я.Тынтарэта, М.Караваджа, майстроў школы Леанарда да Вінчы, галерэю ламбардскіх фрэсак 15—16 ст., а таксама калекцыю еўрап. жывапісу 15—17 ст.

т. 3, с. 284

«БРЭСЛА́Ў»

(«Breslau», № 36),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. Грамадзян.

т. 3, с. 284