БРЭНТА́НА
(Brentano),
Клеменс (9.9.1778, Эрэнбрэйтштайн, каля г. Кобленц, Германія — 28.7.1842), нямецкі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік гейдэльбергскага кола рамантыкаў (гл. ў арт. Германія раздзел Літаратура). Літ. дзейнасць пачаў пад уплывам Л.Ціка. Адыход ад тэматыкі і стылю іенскіх рамантыкаў назіраецца ў рамане «Годві» (1801), камедыі «Понсе дэ Леон» (1804). Лірыка Брэнтана, заснаваная на нар. песеннай творчасці, зрабіла пераварот у ням. паэзіі, паўплывала на творчасць іншых рамантыкаў (асабліва Г.Гейнэ). Увёў у ням. паэзію тэму любоўных пакут, непадуладнага чалавеку ірацыянальнага пачуцця. Найб. вядомасць набылі вершы т.зв. рэйнскага цыкла: «Плывец у лодцы», «Вясёлыя музыканты», «Рыбак сядзеў у лодцы» і інш. Верш «Ларэлея» сам нарадзіў нар. паданне, стаў сімвалам рамант. мастацтва і натхніў многіх еўрап. паэтаў (І.Айхендорфа, Гейнэ, Ж. дэ Нерваля, Г.Апалінэра). З 1810-х г. у творчасці Брэнтана ўзмацніліся рэліг. пошукі, што адбілася ў духоўных вершах, навелах «Гісторыя сумленнага Касперла і прыгажуні Анерль», «Тры арэхі», «З летапісу вандроўнага шкаляра», у лірычнай драме «Заснаванне Прагі» (1815).
Аўтар сатыр. казак («Казка пра Гокеля і Гінкель» і інш.), оперных лібрэта. Апублікаваў зб. ням. нар. песень «Дзівосны рог хлопчыка» (1806—08, з Л.А.Арнімам). На бел. мову шэраг вершаў Брэнтана пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзія ням. рамантызму. Мн., 1989;
рус. пер. — Избранные стихотворения. М., 1986;
[Стихи] // Европейская поэзия XIX века. М., 1977;
Немецкая поэзия XIX века. М., 1984;
Поэзия немецких романтиков. М., 1985.
Літ.:
Балашов Н.И. Брентано и «Волшебный рог мальчика» // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3;
Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973. С. 351—395.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 284