Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

«ТЭА́ТР ВСПУЛЧЭ́СНЫ», Сучасны тэатр. Засн. ў 1946 у г. Лодзь (Польшча) як «Тэатр Камеральны», з 1949 дзейнічае ў Варшаве пад сучаснай назвай. У 1954—57 аб’яднаны з «Тэатрам Нарадовым». У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і гал. рэжысёр Э.Аксер. У рэпертуары пераважна творы сучаснай польскай (Л.​Кручкоўскі, Е.​Шаняўскі, С.​Мрожак і інш.) і сусв. (С.​Бекет, Т.​Уайлдэр, Б.​Брэхт, М.​Фрыш, Э.​Іанеска, Э.​Олбі і інш.) драматургіі. Ставяцца і класічныя п’есы (У.​Шэкспір, І.​В.​Гётэ, А.​Чэхаў, А.​Фрэдра, А.​Міцкевіч і інш.).

т. 16, с. 94

«ТЭА́ТР ДРАМАТЫ́ЧНЫ» ў Варшаве.

Створаны ў 1955 у выніку рэфармавання «Т-ра Дому Войска Польскага», з 1957 сучасная назва. У розны час т-р узначальвалі М.​Мелер, Я.​Свідэрскі, Я.​Касінскі, Г.​Галоўбек, З.​Запасевіч, М.​Прус і інш. У рэпертуары пераважае сучасная польская (С.​І.​Віткевіч, С.​Мрожак, Т.​Ружэвіч, В.​Гамбровіч), замежная (Б.​Брэхт, Э.​Іанеска, Ж.​Ануй, Ф.​Дзюрэнмат, Ж.​П.​Сартр, А.​Мілер, М.​Фрыш) і класічная драматургія. У 1965—81 і з 1987 у т-ры адбываюцца агульнапольскія Варшаўскія тэатр. сустрэчы (паказы лепшых спектакляў мінулага сезона).

т. 16, с. 94

ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ пры Белдзяржэстрадзе.

Існаваў у 1949—56 у Мінску. Паводле характару дзейнасці — вандроўны, абслугоўваў жыхароў раёнаў Беларусі. Гастраліраваў у Вільнюсе, Каўнасе, Калінінградзе і інш. У рэпертуары арыентаваўся на тагачасную і класічную драматургію: «Хто вінаваты» Г.​Мдывані, «За гарызонтам» І.​Гайдаенкі і І.​Беркуна, «Страчаны дом» С.​Міхалкова, «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Персанальная справа» А.​Штэйна, «Шальменка-дзяншчык» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі, «Палкоўнік Фостэр прызнае сябе вінаватым» Р.​Ваяна, «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Даманевідзімка» П.​Кальдэрона, «Украдзенае шчасце» І.​Франко, «Мачаха» А.​Бальзака. Рэжысёры: Ю.​Юроўскі (1951—52), А.​Струнін (1952—54), В.​Пацехін (1954—55), А.​Аркадзьеў (1955—56); асобныя пастаноўкі ставілі рэжысёры Т.​Гагава, У.​Кухта, К.​Саннікаў. У складзе трупы: засл. арт. Беларусі Ю.​Арончык, Г.​Лаўроў, П.​Масцераў, Л.​Федчанка; акцёры Т.​Бандарчык, М.​Бярозкін, Р.​Герштэйн, Я.​Громаў, В.​Дземянкова, Я.​Краўчанка, І.​Падляхоўскі, Н.​Сава, С.​Сакалоў, К.​Струніна. Рэарганізаваны (гл. Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 16, с. 94

ТЭА́ТР ІМЯ́ МАССАВЕ́ТА драматычны.

Створаны ў 1923 у Маскве пад назвай Т-р імя МГСПС (Маскоўскага гар. Савета прафес. саюзаў), з 1930 Т-р імя МАСПС (Маскоўскага абл. Савета прафес. саюзаў), з 1938 сучасная назва, з 1964 акадэмічны. У 1925—40 т-р узначальваў Я.​Любімаў-Ланской. З першых дзён існавання стаў лабараторыяй новай драматургіі, свой стыль сцэн. ўвасаблення жыцця вызначаў як сац. аналіз падзей, дакументальнасць, пафаснасць у перадачы рэв. героікі. Пастаўлены «Шторм» У.​Біль-Белацаркоўскага (1925), «Цэмент» паводле Ф.​Гладкова (1926), «Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава (1927), «Горад вятроў» У.​Кіршона (1929), «Ворагі» М.​Горкага (1933), «Моцарт і Сальеры» А.​Пушкіна (1937), «Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага (1938) і інш. У 1940—77, калі гал. рэж. быў Ю.​Завадскі, спектаклі вызначаліся ўмоўнасцю ў спалучэнні з псіхал. нюансіроўкай, увагай да выяўл. боку пастановак: «Карчмарка» К.​Гальдоні (1940), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943), «Маскарад» М.​Лермантава (1952, 1963), «Васіль Цёркін» паводле А.​Твардоўскага (1961, 1972), «Вачамі клоуна» паводле Г.​Бёля (1968), «Пецярбургскія сны» паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Злачынства і кара» (1969), «Царскае паляванне» Л.​Зорына (1977) і інш. З 1985 гал. рэж. П.​Хомскі. Сярод пастановак 1980—2000: «Браты Карамазавы» паводле Дастаеўскага (1982), «Цытата» Зорына, «Тармажэнне ў нябёсах» Р.​Сонцава (1988), «Ісус Хрыстос — суперзорка» Э.​Уэбера і Т.​Райса (1990), «Каля варотаў царства» К.​Гамсуна (1991), «На залатым возеры» Э.​Томпсана (1992), «Белая гвардыя» паводле М.​Булгакава (1993), «Фама Апіскін» паводле аповесці Дастаеўскага «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (1995), «Не будзіце мадам» Ж.​Ануя, «Мілы друг» Гі дэ Мапасана (1998), «Лялька» Т.​Уільямса (1999), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта (2000) і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі акцёры Л.​Арлова, В.​Астравумава, Г.​Бортнікаў, Н.​Дробышава, Г.​Жжонаў, Б.​Іваноў, І.​Карташова, М.​Мардвінаў, В.​Марэцкая, І.​Мураўёва, Р.​Плят, Ф.​Ранеўская, Я.​Сцяблоў, В.​Талызіна, Г.​Тараторкін, Н.​Ценякова, М.​Церахава, Л.​Шапашнікава, С.​Юрскі і інш.

т. 16, с. 94

ТЭА́ТР ІМЯ́ Ю.СЛАВА́ЦКАГА.

Адкрыты ў 1893 у Кракаве (Польшча), з 1909 імя Славацкага. У 1946—54 аб’яднаны з «Тэатрам Старым». У розныя часы т-р узначальвалі: Т.​Паўлікоўскі, Ю.​Катарбінскі, Л.​Сольскі, Ю.Астэрва, К.​Скушанка і інш. На сцэне т-ра адбыліся прэм’еры шэдэўраў польскага рамантызму («Кардыян» Славацкага, 1899; «Дзяды» А.​Міцкевіча, 1901; «Не-Боская камедыя» З.​Красінскага, 1902), п’ес С.​Выспянскага («Вяселле», 1901, «Вызваленне», 1902, «Баляслаў Смелы», 1903, і інш.). У рэпертуары т-ра польская і сусв. драматургія розных стыляў і эпох (С.​І.​Віткевіч, П.​Кладэль, Л.​Пірандэла, С.​Жаромскі, А.​Чэхаў, Мальер і інш.).

Літ.:

Poskuta-Włodek D. Co dzień powtarza się gra...: Teatr im. Juliusza Słowackiego w Krakowie, 1893—1993. Kraków, 1993.

т. 16, с. 94

ТЭА́ТР ІМЯ́ Я.ВАХТА́НГАВА Створаны ў 1921 у Маскве як 3-я Студыя Маскоўскага Маст. т-ра на аснове Студэнцкай драм. студыі, арганізаванай Я.Вахтангавым у 1913 (у 1917—20 Маскоўская драм. студыя пад кіраўніцтвам Вахтангава), з 1926 сучасная назва, з 1956 акадэмічны. Гал. рэжысёры: Р.​Сіманаў (1939—68), Я.​Сіманаў (1968—87), М.​Ульянаў (з 1987). У маст. традыцыях т-ра, закладзеных Вахтангавым, — яркая відовішчнасць (прыёмы гратэску, гіпербалізацыя і інш.), псіхал. напоўненасць дзеяння, увага да сродкаў знешняй выразнасці — рытму, пластыкі, жэсту. Сярод пастановак: «Прынцэса Турандот» К.​Гоцы (1922, 1992), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1932), «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра (1936), «Фронт» А.​Карнейчука (1942), «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана (1943), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1956), «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага (1958), «Антоній і Клеапатра» (1971) і «Рычард III» (1976) Шэкспіра, «Зойчына кватэра» М.​Булгакава (1989), «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага (1993), «Мілы лгун» Дж.​Кілці (1994), «Пікавая дама» паводле А.​Пушкіна (1996), «Жыццё ёсць сон» П.​Кальдэрона (1997), «Амфітрыён» Мальера (1998), «Уваскрэсенне, або Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка (1921, 1999), «Атэла» Шэкспіра і «Зямля запаветная» С.​Моэма (2000) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі рэжысёры Р.​Вікцюк, А.​Кац, В.​Ланской, Р.​Стуруа, П.​Фаменка, Г.​Чарняхоўскі, А.​Шапіра. Значны ўклад у станаўленне і развіццё мастацтва т-ра зрабілі акцёры А.​Абрыкосаў, М.​Астангаў, Ю.​Барысава, М.​Вярцінская, Ю.​Валынцаў, М.​Грыцэнка, А.​Дзікі, Ю.​Завадскі, Б.​Захава, І.​Купчанка, В.​Ланавой, Ю.​Любімаў, С.​Макавецкі, Л.​Максакава, Ц.​Мансурава, А.​Папоў, Ю.​Рутберг, Ульянаў, Л.​Цалікоўская, В.​Шалевіч, Б.​Шчукін, У.​Этуш, Ю.​Якаўлеў і інш. Пры т-ры дзейнічае Вышэйшае тэатр. вучылішча імя Шчукіна.

т. 16, с. 94

ТЭА́ТР МІНІЯЦЮ́Р,

тэатр, у рэпертуары якога пераважаюць творы малых форм (аднаактовыя п’есы-жарты, агляды, пародыі, інтэрмедыі, маналогі, куплеты, муз., эстрадныя і цыркавыя нумары). Узнік у 2-й пал. 19 ст. ў Францыі. У Расіі і на Беларусі пашыраны ў пач. 20 ст. (у петраградскіх Т.м. працаваў Е.Міровіч, ён жа і аўтар шматлікіх сатыр. мініяцюр). У пач. 1920-х г. Т.м. набыў агітацыйна-прапагандысцкі характар і існаваў як Тэатр рэвалюцыйнай сатыры. Вядомы Дзярж. т-р мініяцюр, створаны А.​Райкіным у 1939 у Ленінградзе (з 1983 у Маскве, з 1987 драм. т-р «Сатырыкон»). З 1987 працуе Мінскі тэатр сатыры і гумару «Хрыстафор». Існуюць і аматарскія Т.м.

т. 16, с. 94

«ТЭА́ТР НАРАДО́ВЫ», Нацыянальны тэатр,

першы пастаянны прафес. т-р у Польшчы. Адкрыты ў 1765 у Варшаве па ініцыятыве Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1833 падзелены на оперную, балетную і драм. трупы, з 1924 сучасная назва. Т-р узначальвалі: Ю.Астэрва, К.​Камінскі, Л.Сольскі, К.Зельвяровіч (паміж войнамі), Э.Аксер, К.Дэймек, А.Ганушкевіч і інш. У рэпертуары пераважна творы польскай і сусв. класічнай драматургіі.

т. 16, с. 95

«ТЭА́ТР ПО́ЛЬСКІ» ў Варшаве.

Адкрыты ў 1913 па ініцыятыве А.​Шыфмана (дырэктар у 1913—57 з перапынкам). У 1918—39 меў яшчэ адну сцэн. пляцоўку — «Малы т-р»; з 1949 «Камерны т-р». Пасля 2-й сусв. вайны т-р узначальвалі Л.​Шылер, Е.​Крэчмар, А.​Кавальчык, К.​Дэймек, А.​Лапіцкі, Я.​Кілян і інш. У рэпертуары пераважаюць творы польскай (А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, З.​Красінскі, С.​Выспянскі, А.​Фрэдра) і сусв. (У.​Шэкспір, Мальер, Б.​Шоу) класічнай драматургіі, а таксама сучасныя п’есы (С.​Мрожак, М.​Гласка).

т. 16, с. 95

ТЭА́ТР РАБО́ЧАЙ МО́ЛАДЗІ, трам,

савецкі паўпрафесійны або аматарскі т-р у 1920—30-я г. Меў на мэце сродкамі т-ра весці агітацыю і прапаганду сярод моладзі (статут прыняты ў 1929 на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі трамаў). Грамадзянская накіраванасць, публіцыстычнасць, кантакт з гледачамі вызначалі мастацтва трама. Вытокі трама ў агітац. аматарскім мастацтве 1920-х г. — «жывой газеце» і «сіняй блузе». Пачынальнік трамаўскага руху — Ленінградскі трам (засн. ў 1925), які стаў узорам для інш. т-раў гэтага тыпу. Існавалі ў Маскве, Варонежы, Харкаве, Баку і інш. Пастаноўкі пераважалі на тэмы жыцця і побыту рабочай моладзі, прац. энтузіязму і сацыяліст. спаборніцтва, у іх выкрываліся адмоўныя з’явы і недахопы. Трамы распрацавалі ўласную эстэтыку, стваралі публіцыст. муз.-танц. сінтэтычныя паказы з гал. дзейнай асобай — камсамольскім калектывам Тыповы трамаўскі спектакль — з песнямі і калектыўнай дэкламацыяй, спарт. практыкаваннямі, кінакадрамі; звычайна пачынаўся маршам, заканчваўся паказам панарамы новабудоўляў, камсамольскім мітынгам, масавай песняй. У 1930-я г. эстэт. праграма трамаў страціла вастрыню і зжыла сябе. У выніку яны былі рэарганізаваны (лепшыя ператвораны ў т-ры Ленінскага камсамола). На Беларусі трамы развіваліся ў рэчышчы ўсесаюзнага трамаўскага руху. У 1929—35 існавалі Беларускі трам у Мінску, Бабруйскі, Барысаўскі, Віцебскі, Гомельскі, Мазырскі, Полацкі трамы. Потым рэарганізаваны пераважна ў калгасна-саўгасныя тэатры.

Літ.:

Стэльмах У. Шляхі і перспектывы трамаўскага руху БССР // Узвышша. 1931. № 6—7;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

т. 16, с. 95