Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВОДАЛЯЧЭ́ННЕ,

гідратэрапія, вонкавае і ўнутранае выкарыстанне прэсных (у вадкім стане, у выглядзе лёду ці пары), салёных азёрных і марскіх, а таксама мінер. вод у лек. і прафілакт. мэтах; адзін з відаў бальнеатэрапіі і фізіятэрапіі. Заснавана на мех., фіз., хім. уплывах вады на фізіял. і біяхім. працэсы ў арганізме праз раздражненне пэўных рэцэптараў (рэфлекторныя механізмы), змены складу ўнутр. асяроддзя — крыві, лімфы, міжтканкавай і інш вадкасцей арганізма (пры пітным спажыванні) і інш. механізмы. Пры хваробах найчасцей выкарыстоўваецца як дадатковы да асн. від лячэння, у лячэбна-прафілакт. мэтах могуць выконваць вядучую ролю (гл. Ванны). Да асноўных у водалячэнні адносяцца таксама душ, абліванне, абціранне, захінанне, купанне і інш. водныя працэдуры. Пры водалячэнні ў воднае асяроддзе часта дадаюцца пахучыя і лек. экстракты і рэчывы (напр., хвойны экстракт, гарчыца, шкіпінар, марганцоўка, крухмал і інш.). Водалячэнне можа спалучацца з цеплалячэннем, сонцалячэннем, гразелячэннем, таласатэрапіяй, выкарыстаннем гарачага пяску (псаматэрапія) і інш.

т. 4, с. 248

ВОДАНАГРАВА́ЛЬНІК,

цеплаабменны апарат для награвання вады парай, гарачай вадою, газамі, эл. токам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах гарачага водазабеспячэння, вадзянога ацяплення, нагрэву сілкавальнай вады для катлоў, быт. патрэб і інш. Памеры і канструкцыя залежаць ад прызначэння.

Пашыраны воданагравальнік паверхневага тыпу (напр., бойлеры), у якіх цяпло перадаецца праз паверхню нагрэтых трубчастых ці інш. элементаў, і кантактныя (змешвальныя), у якіх цепланосьбіт прапускаецца непасрэдна праз ваду ці змешваецца з ёю. Да мясцовых воданагравальнікаў адносяць ванныя калонкі, змеевікі або вадагрэйныя каробкі, кіпяцільнікі і інш. (гл. таксама Газавыя прылады).

т. 4, с. 249

ВОДАНАПО́РНАЯ ВЕ́ЖА,

збудаванне ў сістэме водазабеспячэння для выраўноўвання работы помпавых станцый, стварэння запасу вады, рэгулявання яе напору і расходу ў водаправоднай сетцы. Складаецца з рэзервуара (пераважна з жалезабетону або сталі), апорных канструкцый (з жалезабетону, сталі, часам цэглы), ахоўнага шатра (ад замярзання), труб для падачы і адводу вады. Ёмістасць рэзервуара да некалькіх тысяч кубічных метраў, вышыня вежы да 25 м і болей. Абсталёўваецца пераліўнымі прыстасаваннямі (прадухіляюць перапаўненне рэзервуара), сістэмамі сігналізацыі і замеру ўзроўню вады. Некат. воданапорныя вежы з’яўляюцца помнікамі архітэктуры (напр., гродзенскія воданапорныя вежы).

т. 4, с. 249

ВОДАНАПО́ЎНЕНЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

выбуховыя сумесі, якія маюць ад 5 да 20% вады і прыродныя (крухмал, дэкстрын і інш.) ці сінт. (солі карбаксіметылцэлюлозы, поліакрыламід) загушчальнікі. Вада памяншае адчувальнасць да знешніх уздзеянняў, магчымасць выпадковага разагрэву і небяспечнасць выкарыстання воданапоўненых выбуховых рэчываў, надае ім пластычнасць і цякучасць. Адрозніваюць акваніты (пластычныя) і акватолы (цякучыя). Захоўваюць і транспартуюць воданапоўненыя выбуховыя рэчывы ў поліэтыленавай упакоўцы, каб пазбегнуць высыхання. Выкарыстоўваюць як брызантныя выбуховыя рэчывы для ўзрыўных работ у прам-сці.

т. 4, с. 249

ВОДАПАДЗЕ́Л,

лінія на мясцовасці, якая падзяляе сумежныя басейны рэк, мораў, акіянаў і падземных вод. Ад водападзелу сцёк накіраваны ў процілеглыя бакі.

Найб. выразны водападзел у гарах, дзе звычайна супадае з грабянямі хрыбтоў. На раўнінах нярэдка пераходзіць у водападзельную прастору. Водападзел можа мяняцца. Адрозніваюць водападзелы: галоўны — паміж сумежнымі рачнымі сістэмамі (на тэр. Беларусі частка гал. водападзелу паміж рачнымі сістэмамі Балтыйскага і Чорнага мораў); бакавы — падзяляе басейны прытокаў ракі; галоўны (сусветны) Зямлі — паміж рэкамі Ціхаакіянска-Індыйскай і Атлантыка-Ледавітай пакатасцей вобласці вонкавага сцёку кантынентаў.

т. 4, с. 249

ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНАЯ ПРАСТО́РА,

міжрэчча, якое не мае сцёку ў якую-н. рачную сістэму або мае слабы сцёк пераменнага напрамку. На раўнінах часта забалочаная, напр. на Бел. Палессі на ёй могуць узнікаць біфуркацыя рэк і рачныя перахопы; у гарах — міжгорныя катлавіны або цэнтр. ч. хрыбтоў каля лініі водападзелу.

т. 4, с. 249

ВОДАПРАВО́ДНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць магістральных і размеркавальных трубаправодаў, па якіх падаецца вада да месца спажывання; частка сістэмы водазабеспячэння.

Асноўная (знадворная, або вулічная) водаправодная сетка пракладваецца ў зямлі (на 0,2—0,5 м ніжэй глыбіні прамярзання) уздоўж вуліц і праездаў, выкарыстоўваюцца чыгунныя, стальныя, жалезабетонныя, пластмасавыя і інш. трубы. Да яе з дапамогай т.зв. дамавых адгалінаванняў далучаецца ўнутр. (унутрыдамавая) водаправодная сетка, якая падае ваду да водаразборных кранаў. Водаправодныя сеткі абсталёўваюць запорнай арматурай (вентылямі, засаўкамі, што адключаюць аварыйныя ўчасткі сеткі), водаразборнымі прыстасаваннямі (пажарнымі гідрантамі, часам водаправоднымі калонкамі). Запорную арматуру і гідранты звычайна ўстанаўліваюць у спец. калодзежах (зборных жалезабетонных або цагляных), з метал. здымнымі люкамі.

т. 4, с. 249

ВОДАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф. фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.

2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт. пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.

А.В.Кудзельскі.

т. 4, с. 249

ВОДАРАЗМЕРКАВА́ННЕ,

планавы забор вады з водных аб’ектаў, транспарціроўка яе ў вузлы выдачы і размеркаванне паміж спажыўцамі. Улічваюцца рэжым крыніц вады, аб’ём зарэгуляванага сцёку, страты вады на фільтрацыю, выпарэнне, сан. попускі і інш. Памеры, тэрміны і парадак падачы вады водакарыстальнікам вызначаюцца паводле планаў водакарыстання (унутрыгаспадарчых, басейнавых і інш.). Водаразмеркаванне праводзіцца ў першую чаргу для задавальнення патрэб насельніцтва ў пітной і быт. вадзе, рацыянальнага і эканомнага выкарыстання водных рэсурсаў, забеспячэнне неабходнай колькасці і якасці вады, прадухілення шкоднага ўплыву яе на навакольнае асяроддзе.

А.А.Макарэвіч.

т. 4, с. 249

ВО́ДАРАСЦІ

(Algae),

зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.

Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зелёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.

Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд. т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.М.Міхеева.

т. 4, с. 249