Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Пятро

(Пётр Савельевіч; н. 15.5.1922, в. Сямёнаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1953). У 1953—88 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1942. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесцей «Новы дзень» (1956), «Першапутак» (1959), «Вечныя маладажоны» (1987), п’ес «Год дзевяцьсот семнаццаты» (паст. 1957), «Чалавек вярнуўся» (паст. 1959), «Любоў, Надзея, Вера...» (паст. 1960) і інш., п’есы для тэлебачання «Руслан плюс Людміла» (1984). Пісьменніка цікавяць пераважна маральна-этычныя праблемы. Рэжысёр фільмаў «Палеская легенда» (1957, з М.Фігуроўскім), «Рагаты бастыён» (1965) і інш.

Тв.:

Твой заўтрашні дзень: П’есы. Мн., 1968;

Красота человеческая: Повесть и рассказы. Мн., 1980;

Образ жизни: Пьесы. Мн., 1984.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 24

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Юрый Аляксандравіч

(н. 15.10.1946, г. Гомель),

бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах духавых інструментаў і дырыжыравання (1969). З 1969 артыст аркестра штаба БВА, з 1970 педагог муз. вучылішча, з 1972 гал. дырыжор цырка ў Гомелі. З 1996 гал. дырыжор канцэртнага аркестра Гомельскай абл. філармоніі. Вял. ўвагу аддае інтэрпрэтацыі твораў бел. (Я.Глебаў, І.Лучанок, Дз.Смольскі і інш.) і замежных кампазітараў. Аўтар музыкі да спектакляў гомельскіх абл. драм. т-ра («Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса) і т-ра лялек («Дзед і Жораў» В.Вольскага).

т. 4, с. 24

ВАСІЛЕ́ЎСКІ Ягор Васілевіч

(1.1.1922, в. Гарбачова Віцебскага р-на — 1.5.1991),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен. авіяшколу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1939. У Айч. вайну з мая 1943 на Сцяпным, Варонежскім, 2-м Укр. франтах, камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 296 баявых вылетаў, правёў 64 паветр. баі, збіў асабіста 21 варожы самалёт і 2 у групе. Да 1958 у Сав. Арміі.

т. 4, с. 24

Васілеўскі Ігар Веньямінавіч

т. 18, кн. 1, с. 362

ВАСІЛЁК,

валошка (Centaurea), род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 550 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 8 дзікарослых (мясцовых і занесеных) відаў: васілёк іберыйскі (Centaurea iberica), лугавы (Centaurea jacea), раскідзісты (Centaurea diffusa), рэйнскі (Centaurea rhenana), сіні (Centaurea cyanus), сонечны (Centaurea solstitialis), фрыгійскі (Centaurea phrygia), шурпаты (Centaurea scaniosa), растуць у лясах, на лугах, у хмызняках, пасевах, на пясчаных мясцінах, пустках і ўздоўж дарог; 10 інтрадукаваных: васілёк мяккі (Centaurea mollis), падбелены (Centaurea dealbata), прыгожы (Centaurea bella), рускі (Centaurea ruthenica), сібірскі (Centaurea sibirica), усходні (Centaurea orientalis), Фішэра (Centaurea fischeri) і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, зрэдку сцябла зусім няма, ёсць формы тыпу «перакаці-поле». Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі рознага колеру, у кошыках (сярэдзінныя трубчастыя або трубчаста-лейкападобныя, двухполыя, краявыя — лейкападобныя). Кошыкі гетэрагамныя, мала- або шматкветныя, адзіночныя ці па некалькі на канцах парасткаў. Плод — сямянка з чубком. Дэкар., лек., тэхн. і меданосныя расліны, некат. віды — пустазелле.

т. 4, с. 24

«ВАСІЛЁК»,

беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.

В.М.Мартыненка.

т. 4, с. 25

ВАСІЛЁК Міхась

(сапр. Касцевіч Міхаіл Восіпавіч; 14.11.1905, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 3.9.1960),

бел. паэт. З 1926 друкаваў вершы ў зах.-бел. выданнях. Быў літ. супрацоўнікам час. «Маланка», арганізоўваў гурткі ТБШ. У 1939 мабілізаваны ў польскае войска, трапіў у ням. палон, адкуль у жн. 1941 уцёк на радзіму. Быў сакратаром Скідзельскага падп. антыфаш. к-та, выступаў у партыз. друку. Выдаў у Вільні зб. лірыкі «Шум баравы» (1929, канфіскаваны польск. ўладамі), «З сялянскіх ніў» (1937). У рамант. вобразах-сімвалах паэтызаваў вызв. барацьбу. У сатыр. вершах выкрываў сац. і нац. ўціск. Пасляваен. творы прасякнуты матывамі радасці мірнай працы.

Тв.:

Выбр. творы. Мн., 1955;

Зоры над Нёманам. Мн., 1963;

Вершы. Мн., 1973.

Літ.:

Калеснік У. Міхась Васілёк // Калеснік У. Час і песні. Мн., 1962.

т. 4, с. 25

ВАСІЛЁНАК Яўген Пятровіч

(26.12.1917, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1973),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це (1934—35). З 1935 працаваў у бел. газетах, у 1939—43 — на Д. Усходзе. З 1948 у Мінску, у 1958—66 гал. рэдактар час. «Нёман». Першы зборнік прозы «Зялёныя агні» (1954). У яго творах — жыццё рабочых-чыгуначнікаў, моладзі, маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей і нарысаў «Прызванне» (1956), «Выпадковы прыпынак», «Розныя дарогі», драмы «Каралеўскі гамбіт» (усе 1957), «Вячэрняя размова» (1968), «На перагоне» (1973) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1977.

т. 4, с. 25

ВАСІ́ЛІЙ ВЯЛІ́КІ

(Basileios Megas),

Васілій Кесарыйскі (каля 330, г. Кесарыя, М. Азія — 1.1.379), царкоўны дзеяч, тэолаг, філосаф-платонік, адзін з айцоў царквы. Епіскап г. Кесарыя (з 370). Выступаў супраць арыянства, прапаведаваў аскетызм, падтрымліваў манаства. Прапаведуючы хрысціянства, выкарыстоўваў традыцыі ант. рыторыкі. Асн. працы: «Любамудрасць» (з Грыгорыем Багасловам) і «Супраць Еўнамія». У іх і гутарцы «Шастаднеў» выклаў асновы хрысц. касмалогіі, даваў парады па царк. дзейнасці і настаўленні. Распрацаваў варыянт літургіі (прынята ў праваслаўі і цяпер), рэгламентаваў правілы манастырскага жыцця. Лічыў, што ў інтарэсах хрысціянства магчыма «карыснае выкарыстанне» ант. культуры (пропаведзь «Да юнацтва»). Яго працы паўплывалі на развіццё слав. літаратур.

Тв.:

Рус. пер.: — Творения иже во святых отца нашего Василия Великого... // Творения святых отцов. М., 1843—1915. Т. 5—11.

т. 4, с. 25

ВАСІ́ЛІЙ II

(Basileios) Балгарабойца (958, Канстанцінопаль — 15.12.1025),

візантыйскі імператар [976—1025]. З Македонскай дынастыі. Узмацніў паліт., эканам. і ваен. магутнасць Візантыі; абмежаваў уплыў знатных родаў, задушыў іх паўстанні ў 976—79 і 987—89. Меў добрасуседскія адносіны з кіеўскім князем Уладзімірам, за якога выдаў замуж сваю сястру Ганну. Гэты шлюб паспрыяў прыняццю на Русі хрысціянства. У 995 здзейсніў паспяховы паход у Сірыю супраць Фатымідаў; захапіў частку груз. і арм. зямель. Пасля працяглай вайны ў 1018 пакарыў Зах.-Балг. царства і падпарадкаваў яго Візантыі; за жорсткасць, якую праявіў у гэтай вайне (у 1014 загадаў асляпіць 14 тыс. балг. палонных), празваны Балгарабойцам. Значна пашырыў тэр. сваёй імперыі: яна ўключыла ўвесь Балканскі п-аў і М. Азію, распасціралася да Каўказскага хрыбта і Месапатаміі на У і Італіі на З.

Літ.:

Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978.

т. 4, с. 25