ВАСІЛЁК,

валошка (Centaurea), род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 550 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 8 дзікарослых (мясцовых і занесеных) відаў: васілёк іберыйскі (Centaurea iberica), лугавы (Centaurea jacea), раскідзісты (Centaurea diffusa), рэйнскі (Centaurea rhenana), сіні (Centaurea cyanus), сонечны (Centaurea solstitialis), фрыгійскі (Centaurea phrygia), шурпаты (Centaurea scaniosa), растуць у лясах, на лугах, у хмызняках, пасевах, на пясчаных мясцінах, пустках і ўздоўж дарог; 10 інтрадукаваных: васілёк мяккі (Centaurea mollis), падбелены (Centaurea dealbata), прыгожы (Centaurea bella), рускі (Centaurea ruthenica), сібірскі (Centaurea sibirica), усходні (Centaurea orientalis), Фішэра (Centaurea fischeri) і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, зрэдку сцябла зусім няма, ёсць формы тыпу «перакаці-поле». Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі рознага колеру, у кошыках (сярэдзінныя трубчастыя або трубчаста-лейкападобныя, двухполыя, краявыя — лейкападобныя). Кошыкі гетэрагамныя, мала- або шматкветныя, адзіночныя ці па некалькі на канцах парасткаў. Плод — сямянка з чубком. Дэкар., лек., тэхн. і меданосныя расліны, некат. віды — пустазелле.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)