Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАРА́НГЕР-ФІЁРД

(Varanger fjord),

Варажскі заліў, заліў у Баранцавым м., каля паўн. берагоў Еўропы, паміж а-вамі Рыбачы (Расія) і Варангер (Нарвегія). Даўж. 120 км, шыр. каля ўваходу 50 км. Глыб. да 420 м. Большая ч. заліва не замярзае. Прылівы паўсутачныя (да 2,2 м). Парты Вардзё, Вадсё (Нарвегія).

т. 3, с. 510

ВАРАНЕ́ННЕ,

працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.

Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.

т. 3, с. 510

ВАРАНЕ́Ц

(Actaea),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі зрэдку трапляецца варанец каласісты (А. spicata). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках па берагах рэк. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце буйное, трайчастае, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, белыя або жаўтавата-белыя, у гронках. Плод — ягадападобная касцянка чорнага, белага або чырв. колеру. Дэкар., тэхн. (з пладоў атрымліваюць чорную і чырв. фарбу), лек. (карані — ірвотны і слабіцельны сродак) і ядавітыя (усе часткі) расліны.

т. 3, с. 510

ВАРАНЕ́ЦКІ Аляксандр Арсенавіч

(н. 12.5.1951, г. Маладзечна),

акцёр цырка, клоун. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Артыст Рас. дзяржцырка. Выступае ў дуэце з Ф.Гулевічам як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). Артыст яркай індывідуальнасці, пластычна выразны. У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Гулевічам) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 4, с. 5

ВАРАНЕ́ЦКІ Фама Сільвестравіч

(н. 23.3.1938, в. Траскоўшчына Мінскага р-на),

бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1971 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова (з 1990) выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у т-ры імя Я.Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына); у т-ры імя Я.Купалы: Салянік («Радавыя» А.Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.Горына).

т. 4, с. 5

ВАРАНІ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад г. Пружаны, 130 км ад Брэста, 30 км ад чыг. ст. Косава-Палескае. 360 ж., 148 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 4, с. 5

ВАРАНІ́ХІН Андрэй Нічыпаравіч

(28.10.1759, с. Новае Усолле Пермскай вобл., Расія — 5.3.1814),

рускі архітэктар, прадстаўнік ампіру. Да 1785 прыгонны графа А.С.Строганава. З 1777 вучыўся ў Маскве жывапісу, а таксама архітэктуры ў В.Бажэнава і М.Казакова. З 1779 у Пецярбургу. Праф. Пецярбургскай АМ (1811—14). Асн. работы ў Пецярбургу: Казанскі сабор (1801—11) і Горны ін-т (1806—11). Прымаў удзел у стварэнні арх. ансамбляў у Паўлаўску і Пецяргофе (цяпер Петрадварэц). Выкарыстоўваў аблегчаныя канструкцыі, натуральныя буд. матэрыялы. Майстар інтэр’ера і малых арх. формаў.

т. 4, с. 5

ВАРАНОВІ́Ч Адольф Усцінавіч

(н. 15.6.1940, в. Мікольцы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1960). Да 1989 працаваў мастаком на Аршанскім ільнокамбінаце. З 1991 у час. «Полымя». Дэбютаваў вершамі ў 1957. З 1970 выступае як празаік. Паказвае жыццё сучаснай бел. вёскі, складанае і супярэчлівае, няпростыя чалавечыя лёсы. Сцвярджэнне высокіх маральных каштоўнасцей — асн. пафас лепшых яго твораў, якія вызначаюцца дакладнымі псіхал. партрэтамі герояў, увагай да выразных дэталяў, жывой нар. мовы.

Тв.:

Высокі падмурак. Мн., 1978;

Агні хат. Мн., 1986;

Жывая душа. Мн., 1993.

т. 4, с. 5

ВАРАНО́ВІЧ Васіль Васілевіч

(н. 2.2.1945, г. п. Лельчыцы Гомельскай вобл.),

бел. танцоўшчык, балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1974). Удасканальваў майстэрства ў І.Майсеева. З 1963 танцоўшчык, у 1982—95 гал. балетмайстар Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь. Глыбокае веданне бел. танц. фальклору і беражлівае стаўленне да яго ўвасоблены ў лепшых пастаноўках Варановіча («Мяцеліца», «Полька з прысюдамі», «Таўкачы», «Вялікі купальскі карагод», «Руская субацея», «Украінская сюіта»).

т. 4, с. 5

ВАРАНО́ВІЧ Іосіф Робертавіч

(н. 3.12.1928, в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1953 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па лячэнні пераломаў, несапраўдных суставаў і дэфектаў касцей, эндапратэзаванні суставаў, дыягностыцы і лячэнні спінальных хворых і касцявых пухлін. Аўтар спосабу лячэння пераломаў мышчалак сцегнавой і вялікагалёначнай касцей з дапамогай спіц і клямара без ускрыцця каленнага сустава.

Тв.:

Остеосинтез металлическими спицами. Мн., 1969 (разам з Л.Я.Грыгор’евым);

Повреждения коленного сустава. Мн., 1971;

Заживление переломов костей: Эксперимент. и клинич. исслед. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 4, с. 5