ВАРАНЕ́Ц

(Actaea),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі зрэдку трапляецца варанец каласісты (А. spicata). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках па берагах рэк. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце буйное, трайчастае, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, белыя або жаўтавата-белыя, у гронках. Плод — ягадападобная касцянка чорнага, белага або чырв. колеру. Дэкар., тэхн. (з пладоў атрымліваюць чорную і чырв. фарбу), лек. (карані — ірвотны і слабіцельны сродак) і ядавітыя (усе часткі) расліны.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)